У райвыканкаме прайшло пасяджэнне Савета Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Сход каардынавалі члены Прэзідыума. Сярод іх – моладзевы і прафсаюзныя лідары раёна. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык, падводзячы вынікі работы ў 2021 годзе, адзначыў, што на Дзятлаўшчыне створана 14 новых пярвічак, з якіх у прыватным сектары эканомікі – 12. Гэта работа праводзілася пры падтрымцы кіраўніцтва райвыканкама. У студзені адыходзячага года быў апублікаваны адкрыты ліст аб нязгодзе работнікаў Беларусі з увядзеннем эканамічных санкцый, пад ім подпіс паставілі больш за чатыры тысячы членаў нашых раённых пярвічных прафсаюзных арганізацый. Многія выказвалі сваё меркаванне ў кароткіх відэароліках. Унесены змяненні ў Пагадненне паміж Дзятлаўскім райвыканкамам, наймальнікамі раёна і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў на 2019-2022 гады. Таксама ўпершыню некаторыя пярвічкі ўключылі ў свае калектыўныя дагаворы пункт, звязаны з аказаннем матэрыяльнай дапамогі членам прафсаюзаў, якія вакцынаваліся ад каранавіруснай інфекцыі.
На працягу года прафсаюзы маніторылі цэны на сацыяльна-значныя тавары і паслугі ў гандлёвых аб’ектах, актыўна ўзаемадзейнічалі з маладымі спецыялістамі, дапамагалі ім адаптавацца ў працоўным калектыве, клапаціліся аб падрастаючым пакаленні і дарылі дзецям падарункі ў рамках рэспубліканскіх акцый “Прафсаюзы – дзецям” і “Нашы дзеці”.
Актыўныя члены пярвічак прымалі ўдзел у раённых і абласных конкурсах і спартакіядах, наведвалі культурна-масавыя мерапрыемствы, ездзілі на экскурсіі. Асаблівая ўвага надавалася прафілактыцы вытворчага траўматызму, правяралі, як выконваецца заканадаўства па ахове працы, часта выязджалі ў саставе рэйдавых груп у розныя арганізацыі і прадпрыемствы раёна.
Тэму бяспекі прадоўжыла галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Святлана Латушка. Яна назвала арганізацыі і ўстановы, якія сталі пераможцамі і прызёрамі на абласных конкурсах па ахове працы. Упэўніла прысутных, што галоўная задача маніторынгавай групы – не пакараць, а абазначыць недахопы і дапамагчы іх выправіць. Параіла не адкладаць, а своечасова звяртацца за кансультацыяй да спецыялістаў упраўлення, калі ўзнікаюць якія-небудзь пытанні па новаўвядзенням у заканадаўстве і ўкараненні іх у справаводстве.
У сувязі з тым, што ў 2021 годзе пасля двухгадовага перапынку прайшоў раённы агляд-конкурс сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый, перад удзельнікамі пасяджэння выступілі прадстаўнікі лепшых з іх. Старшыні пераможцы ААТ “Граніт-Агра” і сярэбранага прызёра Вензавецкага дзіцячага-сада сярэдняй школы Алена Зенчык і Аксана Роўба расказалі, як ім удалося дабіцца поспеху і стаць лідарамі прафсаюзнага руху.
– У гэтым годзе значны акцэнт рабілі і на інфармацыйную работу. Праз сайт і сацыяльныя сеткі аб’яднання, а таксама на інтэрнэт-рэсурсе і ў друкаваным выданні раённай газеты “Перамога” аператыўна асвятлялі дзейнасць прафсаюзаў і пярвічак, іх дасягненні і ўдзел у розных конкурсах. Прыемна, што колькасць праглядаў тэматычных артыкулаў і падпісчыкаў у групах павялічваецца, – адзначыла грамадскі інспектар па сувязях з грамадскасцю і рабоце са СМІ Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Абрамчык.
Напрыканцы ўдзельнікі пасяджэння перавыбралі членаў Савета Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў і абмеркавалі план работы на будучы год.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga