У райвыканкаме. Сваёй актуальнасці не страчваюць

Важнае Улада

Тэмы арганізацыі бяспекі ў зімовыя святы, работы аглядавых камісій, акцыі “Нашы дзеці”, вакцынацыі ад каранавірусу і грыпу гучалі на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Цукеркі, шампанскае і фрукты

Вось той пералік прадуктаў, які, згодна з інфармацыяй упраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама, найбольш актыўна закупляюць жыхары вобласці напярэдадні Новага года.

– Адсочваць неабгрунтаваны рост цэн на тавары, якія карыстаюцца самым вялікім попытам напярэдадні святаў, ці дастаткова ў продажы як харчовых, так і нехарчовых груп, – паставіў задачу зацікаўленым службам старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – На наступны год прадугледзець магчымасць закупкі штучных ёлачак для галоўнага навагодняга дрэва ў Дзятлаве, каб не секчы столькі зялёных прыгажуняў.

Бяспека на святочных пляцоўках – таксама адно з галоўных пытанняў, якое абмяркоўвалася ў час нарады. Ва ўзмоцненым рэжыме будуць працаваць ратаўнікі і праваахоўнікі.

– Калі народ адпачывае, у вас самы напружаны перыяд службы. Мы ўсе гэта разумеем, – звярнуўся да кіраўнікоў сілавой структуры і РАНС Андрэй Уладзіміравіч, – але такая ваша дзейнасць – берагчы жыццё людзей і максімальна ўтрымліваць правапарадак.

Асаблівы ўпор сёлета, па словах начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандра Біля, будзе зроблены на відэаназіранне. Зараз у індывідуальным парадку рэгулюецца настройка відэасістэм, каб анлайн маніторыць “злачныя” месцы. Напрыклад, у райцэнтры ў бары “Дядя Ваня” камеры накіраваны на ўваходныя дзверы, а не на “прылазнік”, дзе збіраецца “публіка” і, звычайна, адбываюцца канфлікты. Камеры будуць адрэгуляваны.

Дабрабыт і бяспека

Тэму бяспекі прадоўжылі пытаннем устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у рамках акцыі “Апавяшчальнік – у кожны дом”. Аглядавымі камісіямі было абследавана 432 домаўладанні, устаноўлены 35 АПА (у тым ліку за кошт спонсарскай дапамогі): у домаўладаннях на тэрыторыі Войневіцкага сельвыканкама ўстанавілі 3 апавяшчальнікі, Данілавіцкага – 2, Жукоўшчынскага – 9, Казлоўшчынскага – 1, Новаяльнянскага – 12, астатнія – у райцэнтры.

А лідара ў калектыве няма

У чарговы раз закранулі тэму вакцынацыі. Больш за 50 % насельніцтва раёна прышчапілася ад каранавірусу. Між тым, на прадпрыемствах, такіх як “Дзятлаўскае ПМС”, ДРБУ № 119, “Дварэцкі льнозавод”, Новаяльнянскі КХП, у сельскіх гаспадарках вакцынаваных менш за 30 %.

– Не зразумелая мне пазіцыя кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў. Няма лідарства ў перакананні калектыву, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Інтэнсіўнасць работ у аграпрамысловым комплексе зімой зніжана, самы час заняцца вакцынацыяй. Быццам і не разумеюць, што ворыва людзі аруць. А хто будзе гэта рабіць, калі захварэюць?

Дарэчы, з пачатку кастрычніка да цяперашняга часу на Дзятлаўшчыне на каранавірус перахварэлі амаль дзве тысячы чалавек.

На кантроль намесніку старшыні Ігару Кухарэвічу пастаўлена задача своечасовай пастаўкі ў раён вакцыны розных вытворцаў. Таксама не забываць пра бяспечнае, згодна з санітарнымі нормамі, правядзенне навагодніх ранішнікаў і акцый.

Іншыя тэмы коратка

Ліквідацыя недапрацовак па пастаноўцы тэхнікі “на зімоўку”, здача другасных матэрыяльных рэсурсаў, заработная плата ў аграпрамысловым комплексе раёна – пытанні, на якія на бягучым тыдні трэба звярнуць увагу першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталію Шулейку. Старшыня райвыканкама дадаў, што з 1 студзеня ўсе гаспадаркі раёна павінны прыступіць да рамонту тэхнікі.

****

КСУП “Дварэц-Агра” ў студзені 2022 года стане адкрытым акцыянерным таварыствам. Завяршаецца работа па дакументальным афармленні пераводу гаспадаркі ў новую арганізацыйна-прававую форму.

****

Грамадскія пункты аховы правапарадку ў Дзятлаўскім раёне павінны быць узорнымі: замяніць, дзе трэба, мэблю, арганізаваць належным чынам рабочыя месцы, – такую задачу паставіў Андрэй Садоўскі адказным структурам.

****

Удзельнікамі галоўнай ёлкі Гродзеншчыны сёлета стануць 10 юных дзятлаўчан, а на Прэзідэнцкую ёлку ў сталіцу адправяцца двое дзетак з нашага раёна.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga