Справы вырашаюцца супольна

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Колькі трэба чакаць, каб дзяржава дапамагла вырашыць бытавыя праблемы?

А хіба трэба сядзець склаўшы рукі?.. Паляпшэнне якасці жыцця ў нашых сілах, даказалі настойлівыя і прадпрымальныя дзятлаўчане. Яны аб’ядналі свае намаганні з Дзятлаўскім РУП ЖКГ, і гэта дало жаданы вынік.

Новы год жыхары вуліц Булата, Маладзёжнай, Высоцкага сустрэнуць з уласнай каналізацыяй: ужо ў лістападзе работы былі завершаны, а жыхары вуліц змаглі падпісаць дагавор і адкрыць камфортныя для пагашэння крэдытныя лініі. Усё гэта стала магчымым дзякуючы Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 488 ад 22 снежня 2018 года “Аб будаўніцтве сетак водазабеспячэння (каналізацыі)”, згодна з якім пракладванне сеткі каналізацыі па вуліцах было выканана за сродкі жылкамунгаса, а жыхары вуліц атрымалі растэрміноўку на год, якую можна выплаціць у больш хуткі тэрмін.

На адным з фінальных сходаў  з гараджанамі сустрэліся дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Луня і начальнік водаканала Іван Юшкевіч. Нагода для радасці была відавочная: усе работы па пракладванні каналізацыі выкананы якасна, акрамя таго, камунальнікі істотна скарацілі канчатковую суму выдаткаў, якая, дзякуючы растэрміноўцы, стала пасільнай для кожнага заказчыка.

Актывісткі-пенсіянеркі Рамуальда Свішчук і Кацярына Дуброўская, якія прадстаўлялі інтарэсы вуліц, супрацоўнічалі з камунальнай службай раёна, радуюцца за сябе і за суседзяў:

– Вельмі ўдзячныя Дзятлаўскаму РУП ЖКГ. Арганізацыя ўзяла над намі “шэфства”, нам растлумачылі ўсе пытанні, падказалі, у якія структуры звяртацца і што рабіць. Разам мы прайшлі вялікі шлях: замовілі праект у слонімскай фірмы, запрасілі спецыялістаў геалагічнай службы, склалі акты на зямлю, вырашылі пытанні з пажарнай службай, правялі экспертызу. Увесь час работнікі арганізацыі былі “на сувязі”, ніколі не ігнаравалі нашы званкі. Сёння ўсё зроблена – застаецца толькі плаціць паціху. Выдатна папрацавалі выканаўцы работ – Дзятлаўскае ПМС. Яны праклалі каналізацыю, зрабілі падсыпку дарогі, адкосы. Акрамя таго, ніводнаму з нас рабочыя і майстры арганізацыі не адмовілі ў парадах і дапамозе з пракладкай каналізацыі да домаўладанняў. Зрабілі на сумленне! Дзякуй усім за гэта!

Калі дзесяць гадоў таму пачыналася гэта гісторыя, не ўсе верылі ў яе поспех. У 2011 годзе жыхары названых вуліц замовілі праект на будаўніцтва каналізацыі з падключэннем да гарадскога калектара. Аднак яго рэалізацыя была тэхнічна немагчымая.

– Пасля выканання праекта на будаўніцтва сетак каналізацыі жыхары вуліц   Булата, Маладзёжнай, Высоцкага звярталіся ў Дзятлаўскі райвыканкам, а таксама на прыём старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, – каменціруе сітуацыю намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Марына Панкевіч. – Для ўвасаблення іх праекта ў жыццё неабходна была рэканструкцыя гарадскіх сетак каналізацыі, каб павысіць іх прапускную здольнасць (раней яны былі разлічаны на меншую колькасць спажыўцоў). У 2020 годзе дзятлаўчане звярнуліся на прыём да памочніка Прэзідэнта – інспектара па Гродзенскай вобласці Івана Лаўрыновіча, дзе атрымалі растлумачэнне, што на той момант рэканструкцыя сетак каналізацыі на вуліцах Фогеля і Азёрнай. Пасля яе завяршэння магчыма будзе пракладванне новай каналізацыі па іх вуліцах пры ўмове выдзялення фінансавання, якое павінна было ажыццяўляцца за кошт саміх жыхароў.

Сумесна з мясцовымі ўладамі і камунальнай службай раёна жыхары вуліц распрацавалі стратэгію, якая задаволіла ўсіх. Пасля завяршэння капітальнага рамонту вуліцы Фогеля ў 2020 годзе аперацыя “Каналізацыя” зноў набыла сваю актуальнасць. А новы дзяржаўны ўказ, які дазваляў замаўляць усе работы “ў растэрміноўку”, яшчэ больш дадаў аптымізму. Заставаліся ў гэтай справе і скептыкі (куды ж без іх!), але больш было тых, хто верыў у станоўчы вынік.

– Жыхаркі вуліц сумняваліся, не раз прыходзілі да мяне на прыём з хвалюючым пытаннем, колькі гэта будзе каштаваць? Агучанай немалой лічбай заставаліся незадаволеныя. Яно і зразумела: большасць насельнікаў вуліц пенсійнага ўзросту, для іх такія сумы былі непасільныя, – расказвае дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Луня. – Мы звярталіся з хадайніцтвам у Гродзенскі аблвыканкам, каб дзятлаўчанам аказалі дапамогу. У выніку з абласнога бюджэту было выдзелена 45 тысяч рублёў, што склала дзве трэція выніковай сумы, астатняя частка, дзякуючы Указу № 488, была размеркавана на год. Бязвыплатна мы ўзялі на сябе выдаткі па аднаўленні дарожнага пакрыцця.

У Дзятлаўскім РУП ЖКГ адзначаюць, што дзяржаўна-прыватнае партнёрства – самы эфектыўны на сёння спосаб вырашэння пытанняў. Калі грамадзяне і дзяржаўныя структуры супрацоўнічаюць і давяраюць адзін аднаму – станоўчага выніку не пазбегнуць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga