Адзіны дзень прыёму грамадзян 8 снежня на Гродзеншчыне правялі члены Савета Рэспублікі.
У рамках мерапрыемства Дзятлаўшчыну наведала член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Кацярына Серафіновіч.
На прыём да Кацярыны Адамаўны, які праходзіў у будынку Дзятлаўскага райвыканкама, звярнуліся два жыхары нашага раёна.
Першага заяўніка хвалявала тэма якасці медыцынскага абслугоўвання. Тры гады таму мужчыну ампутавалі нагу, але ён лічыць, што гэтага можна было пазбегнуць. У 2020 годзе пра сваю сітуацыю ён расказаў у звароце ў Адміністрацыю Прэзідэнта РБ. Разгледзець заяву вышэйшы орган даручыў камісіі Міністэрства аховы здароўя, якая прыйшла да заключэння, што пры пастаноўцы дыягназаў і правядзенні лячэння парушэнняў не адзначалася. З высновамі камісіі наш зямляк пагадзіўся і адклікаў свой зварот, аднак цяпер у яго зноў узнікаюць сумненні.
Як расказаў сам мужчына, на сёння ён задаволены адносінамі да сябе галоўнага доктара Алега Анцуха і адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы: кансультацыйная і транспартная дапамога пры праходжанні лячэння аказваецца своечасова, медыкі адносяцца ўважліва. Тым не менш, ён зноў задаецца пытаннем аб кампетэнтнасці спецыялістаў, у якіх лячыўся да аперацыі.
У час прыёму сенатар дала заяўніку адпаведныя тлумачэнні і даручыла галоўнаму доктару Алегу Анцуху і надалей уважліва адносіцца да здароўя пацыента, а калі яму спатрэбіцца медыцынская дапамога рэспубліканскага ўзроўню, яна таксама будзе аказана.
Яшчэ адно пытанне гэтага ж заяўніка тычылася ўтрымання дарог і вулічнага асвятлення ў гарадскім пасёлку Наваельня.
На яго адказаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі. Кіраўнік раёна анансаваў, што ў наступным годзе капітальны рамонт чакае вуліцу Шашэйную і плошчу гарпасёлка, а на працягу халоднага сезона раённыя службы будуць пільна сачыць за своечасовай апрацоўкай дарог супрацьгалалёднай сумессю. Што тычыцца ліхтароў, то яны ўстанаўліваюцца ў населеных пунктах паводле нормаў, замацаваных заканадаўствам.
Яшчэ адзін наш зямляк, які з’яўляецца гаспадаром вялікай дапаможнай гаспадаркі і вырошчвае агародніну, звярнуўся да Кацярыны Серафіновіч з пытаннем аб рэалізацыі ўласнай сельгаспрадукцыі, у тым ліку некандыцыйнага часнаку. Мужчына расказаў, што сёлета ён атрымаў яго каля 2 тон: прыкладна 1,5 тоны – таварны, астатні – некандыцыя. Такі часнок можна было б рэалізаваць мясаперапрацоўчым прадпрыемствам, аднак яны не набываюць гэту вострую прыправу ў фізічных асобаў. Пакуль у гаспадара ёсць пастаянны збыт таварнага часнаку ў Дзятлаўскі і Навагрудскі філіялы аблспажыўтаварыства, якія набываюць яго рэгулярна, але дробнымі партыямі.
Мужчына папрасіў сенатара ў далейшым разгледзець магчымасць і для фізічных асобаў збываць вырашчаную агародніну на прадпрыемствы краіны. Пытанне ўзята на кантроль.
Напрыканцы Кацярына Серафіновіч адзначыла:
– У адзіныя дні прыёмаў члены Савета Рэспублікі аналізуюць сітуацыю са зваротамі грамадзян у рэгіёнах, вывучаюць тэмы, якія хвалююць насельніцтва. У Дзятлаўскім раёне да мяне звярнуліся два чалавекі. Няхай іх пытанні не новыя, аднак і яны даюць магчымасць меркаваць аб тым, на што варта звяртаць увагу мясцовым уладам і законатворцам.
На кантроль узята тэма рэалізацыі лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, вырашчанай на прысядзібным участку. Пастараюся яе вывучыць і, калі прадставіцца магчымым, на больш высокім узроўні дабіцца таго, каб гаспадары маглі здаваць атрыманы ўраджай на прадпрыемствы, а не толькі прадаваць на кірмашах і спажыўтаварыству. Праўда, пытанне гэта неадназначнае, бо самі дробныя вытворцы павінны вывучаць попыт на рынку, ведаць, якая прадукцыя год ад году будзе запатрабаванай.
Усе пытанні, якія сёння паступілі членам Савета Рэспублікі ў розных рэгіёнах Прынёмання ў рамках адзінага дня прыёму, будуць прааналізаваны, вынікі падвядзём з удзелам спікера верхняй палаты Парламента Наталлі Качанавай.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga