У Гродне прайшоў IV фестываль педагагічных класаў, удзел у якім прынялі навучэнцы і настаўнікі школ з усёй Беларусі у тым ліку, дзятлаўчане.
Каманда сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава вярнулася адтуль з камплектам выcокіх узнагарод. Пра само спаборніцтва, поспехі юных настаўнікаў расказала іх педагог і трэнер Святлана Салаўёва:
– Фестываль педагагічных класаў праводзіцца для выяўлення схільнасці навучэнцаў да прафесійнай дзейнасці ў сферы педагогікі. Яго арганізатарамі ў Гродне выступілі педагагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы сумесна з Галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Сёлета ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 106 каманд, пераважна з Гродзеншчыны, Міншчыны і Гомельшчыны.
– Хто прадстаўляў на фестывалі Дзятлаўскі раён?
– Нашу школу прадстаўляла каманда з шасці чалавек пад маім кіраўніцтвам: дзесяцікласнікі Анастасія Томчык, Андрэй Шымановіч, Яна Андруцэвіч, Дар’я Петрыкевіч, а таксама будучыя выпускнікі – Юлія Ступчык і Аляксандр Якаўчык.
– Як праходзіў конкурс і наколькі паспяховым ён быў для вашай каманды?
– Спаборніцтва складалася з двух этапаў. Пасля адпраўкі конкурсных работ было адкрыта інтэрнэт-галасаванне за кожную з іх, а затым канкурсанты атрымлівалі ацэнку журы. Па выніках інтэрнэт-галасавання мы заваявалі два дыпломы I ступені за буклет і міні-ўрок і дыплом III ступені за відэапрэзентацыю. Таксама наш буклет “Педагог – гэта… класна! Стыльна! Адказна! Перспектыўна!” быў адзначаны дыпломам II ступені па меркаванні журы. Мы шмат папрацавалі разам, каб дасягнуць добрых вынікаў. Словы шчырай удзячнасці наша каманда выказвае ўсім, хто падтрымліваў нас на працягу конкурсу, і дапамог атрымаць перамогу: работнікам раённага аддзела адукацыі, калегам са школ, аднакласнікам, бацькам.
Бліц-апытанне для прызёраў IV фестывалю педагагічных класаў
– Падзяліцеся ўражаннямі ад фестывалю-конкурсу.
Аляксандр Якаўчык: у такім мерапрыемстве я ўдзельнічаў упершыню. У межах конкурсу я праводзіў адкрыты ўрок біялогіі для 7 класа, на практыцы праверыў свае здольнасці настаўніка, паглядзеў, што добра атрымалася, а што не вельмі. Я вучуся ў профільным класе, вывучаю біялогію на павышаным узроўні, добра ведаю школьны курс, аднак у гэтай сітуацыі трэба было самому растлумачыць матэрыял іншым.
– Калі трэба пачынаць выбіраць прафесію?
Юлія Ступчык: мне здаецца, што ўжо пятага-сёмага класаў навучэнец павінен задумвацца над сваёй будучыняй, разумець, якая сфера дзейнасці яго прыцягвае больш: тэхнічная ці гуманітарная. А можа, ён любіць творчасць. Сёння ёсць шмат тэстаў, якія дапамагаюць школьнікам разабрацца, у якім кірунку неабходна рухацца. Я сваю будучыню хачу звязаць з гісторыяй.
– Як вы думаеце, ці актуальная прафесія педагога ў сучасным грамадстве?
Андрэй Шымановіч: на мой погляд, самыя запатрабаваныя спецыялісты ў Беларусі сёння дактары, настаўнікі, спецыялісты сферы IT і транспартнай сферы, лагісты, інжынеры. Педагогіку я стаўлю на другую прыступку па значнасці і актуальнасці. Кім бы ні быў чалавек, у якой бы краіне ні жыў, яму трэба вучыцца.
– Чаму выбралі для сябе факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”?
Анастасія Томчык: наведваю факультатыўныя заняткі таму, што ўжо вырашыла звязаць сваё жыццё з педагогікай, мару выкладаць замежныя мовы. Гэта вельмі цікава, пашырае кругагляд, вучыць наладжваць стасункі з людзьмі, дадае ўпэўненасці ў сабе. Акрамя таго, наша выніковая дзейнасць на занятках і паспяховае выступленне ў конкурсах могуць дапамагчы паступіць у педагагічныя ВНУ без уступных экзаменаў.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga