Не хачу зноў перажыць такое

Галоўнае Грамадства

Каранавірусная інфекцыя – акіян людскога бяссілля, які пераадольваюць, на жаль, не ўсе.

Нават маска і дыстанцыя не гарантуюць бяспеку стапрацэнтна. Каварны і непрадказальны “кавід” даказаў нам сваю тэарэму: без вакцынацыі не абыдземся. Гэты факт лепш за ўсіх разумеюць людзі, якія ўсур’ёз сутыкнуліся з захворваннем і пераадолелі яго з цяжкасцю. У кожнага з іх свая нявыдуманая павучальная гісторыя.

Аляксандр Лішык, 65 гадоў:

– У нашу сям’ю каранавірус прыйшоў, адкуль не чакалі. Гэта было ў кастрычніку мінулага года. Я знаходзіўся на чарговай планавай шпіталізацыі ў райбальніцы, жонка Лілія Міхайлаўна была дома. Помню, што ў панядзелак выпісаўся з бальніцы, а вечарам у аўторак паднялася тэмпература 39,4. Выклікалі “хуткую дапамогу”, мяне забралі ў бальніцу, дзе памясцілі ў аддзяленне, узялі тэст на каранавірус і збілі тэмпературу. А праз пару дзён пачаў задыхацца, і мяне экстранна перавялі на пяты паверх, падключылі да кіслароду, бо сам не мог дыхаць. Помню, што праляжаў там дзён пяць, было шмат кропельніц, таблеткі, уколы, не дазвалялі ляжаць пастаянна на спіне. Затым мяне перавялі ў аднамесную палату, дзе я знаходзіўся да выпіскі. Вельмі складана было і фізічна, і псіхалагічна. Выходзіць нікуды нельга, як крыху палягчала, заставалася толькі мерыць палату крокамі, чакаючы выздараўлення. Мышцы атрафіраваліся, ад адзіноты нават пачало здавацца, што са мною нехта знаходзіцца ў пакоі. Можа, гэта і сапраўды быў анёл-ахоўнік?.. Я веру, што вышэйшыя сілы дапамаглі мне падлячыцца і выпісацца з бальніцы. Я не бачыў смерць, але яна была недзе побач. Я ведаў, што з пятага паверха не ўсе пайшлі на выпіску.

Пакідаў бальніцу з дзвюма сумкамі гасцінцаў, якія за гэты час перадалі мне ў бальніцу родныя, апетыту імі частавацца зусім не было. Даводзілася прымушаць сябе есці хаця б бальнічныя стравы, каб зусім не аслабець.

Да аўтамабіля, на якім мяне сустракалі за тэрыторыяй бальніцы, я не дайшоў зусім крыху: ногі падвялі, падламіліся. Добра, што было каму дапамагчы падняцца. Па прыездзе дадому яшчэ не менш як два тыдні адчуваў моцную слабасць, пару разоў падаў, ды і апетыт не спяшаўся вяртацца.

Ужо праз чатыры месяцы, у сакавіку, паехаў на комплекснае абследаванне ў Гродна, адкуль зноў патрапіў на бальнічны ложак. У час дыягностыкі ў мяне

знайшлі ўскладненні, якія пакінуў каранавірус: тромб і вадкасць у лёгкіх. Тры тыдні знаходзіўся там на лячэнні ў “чыстай” палаце абласной бальніцы; жахі, якія адбываліся зусім побач, на ўзроўні праўдзівых чутак, даходзілі і да мяне. Казалі, не было таго дня, каб з бальніцы не вывозілі чорныя поліэтыленавыя пакункі з тымі, хто “не справіўся з каронай”. За час, пакуль хварэў, я страціў у вазе больш за 30 кілаграмаў.

Жонка пераносіла каранавірус не так цяжка, як я, была дома, але ўсё адно тут прыемнага мала, паверце. Калі я вярнуўся дадому, пачаў паступова падмацоўваць здароўе, хоць адгалоскі хваробы адчуваю яшчэ і цяпер. Калі пачалася актыўная прышчэпкавая кампанія, разам з жонкай вырашылі таксама прышчапіцца: не хачу зноў перажыць такое і аказацца ў каранавіруснай палаце. Прышчэпкі мы зрабілі ў жніўні і паўтарылі ў пачатку верасня. Была нязначная рэакцыя, але ўсё хутка прыйшло ў норму. Цяпер адчуваем сябе больш абароненымі. Калі прыйдзе час, абавязкова пойдзем на рэвакцынацыю.

Клаўдзія Урбановіч, 74 гады:

– Захварэла я ў кастрычніку, адбылося гэта нейк раптоўна. Нават не ведаю, як так атрымалася, бо жыву адна, хаджу толькі ў магазін, заўсёды нашу маску. У той дзень пасля абеду паднялася высокая тэмпература, пад 39 градусаў, стала кепска сябе адчуваць. Прыехалі дачка з зяцем, адразу выклікалі хуткую дапамогу. Далей усё змянялася, нібы кадры з фільма: зрабілі здымак лёгкіх, выпісалі накірунак, і я паехала ў Слонімскую раённую бальніцу, дзе ўжо вечарам была ў палаце. Лячылася ў Слоніме сем дзён, атрымлівала па чатыры кропельніцы на дзень, яшчэ таблеткі. Не магу не адзначыць вялікі клопат медыцынскага персаналу аб пацыентах і добрае харчаванне (хаця есці не заўсёды хацелася). Медыкаў у белых спецкасцюмах было не разгледзець, але вельмі ўдзячная кожнаму, хто ратаваў маё жыццё і здароўе.

З вяртаннем дадому маё змаганне супраць каранавірусу не скончылася. Адчувала моцную слабасць, перамены настрою, не ведала, куды падзецца і што з’есці. Так пакутавала дні тры, а потым ужо крыху стала лягчэй. Да мяне не раз прыязджала наша раённая дзяжурная брыгада медыкаў, каб праверыць стан здароўя, даць рэкамендацыі. Праз паўтыдня я змагла заняцца хатнімі справамі, вярнуўся апетыт і жаданне жыць. Цяпер адчуваю сябе някепска, хоць наступствы перанесенага захворвання ёсць дагэтуль.

Толькі праз некаторы час пасля такога каранавіруснага “забегу” прыйшло разуменне: вельмі добра, што дзеці своечасова падаспелі і прынялі правільнае рашэнне выклікаць медыкаў. Для мяне, адзінокай жынчыны з хранічным захворваннем лёгкіх, нават пару дзён чакання маглі стаць фатальнымі.

Шкадую, што не мела магчымасць прышчапіцца да таго, як захварэла: па тэлебачанні глядзела, што ідзе прышчэпкавая кампанія, але не падумала звяртацца сама ў паліклініку. Цяпер, калі можна будзе атрымаць прышчэпку і доктар дазволіць, абавязкова гэта зраблю. Не хачу больш рызыкаваць.

***

У Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы сфарміравана спецыяльная брыгада медыкаў, якая выязджае прышчапляць ад каранавірусу пажылых людзей і інвалідаў дадому. Заяўкі прымаюцца па нумары 6-48-36, таксама можна тэлефанаваць свайму ўчастковаму доктару.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: