28 снежня ў рамках акцыі “Нашы дзеці” ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава прайшло дабрачыннае свята для адораных навучэнцаў з удзелам кіраўніцтва раёна.
На адной пляцоўцы яно сабрала пераможцаў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсаў, прызёраў алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, якія актыўна ўключаліся ў мерапрыемствы Года народнага адзінства і ажыццявілі шмат добрых спраў.
Падтрымаць іх і матываваць на новыя дасягненні прыйшлі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, галоўны спецыяліст аддзела Алена Гарановіч.
Для святочнай урачыстасці адораная моладзь выбрала наватарскі фармат – TikTok-квэст “Прамы эфір з Дзедам Марозам”.
Аднак перш чым пагрузіцца ў навагоднюю рэальнасць, маладыя геніі прынялі віншаванні ад кіраўніка раёна.
– Вучоба для вас – асноўная справа, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі. – І ў ёй вы дабіліся высокіх вынікаў. Напрыклад, навучэнец Новаяльнянскай сярэдняй школы Аляксандр Баковіч стаў уладальнікам абласной прэміі імя Аляксандра Дубко, таксама разам з сябрам па навучальнай установе Паўлам Аблажэем ён стаў пераможцам рэспубліканскага моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Стабальнікамі на цэнтралізаваным тэсціраванні сёлета былі Таццяна Горбач, выпускніца гімназіі № 1, і Артур Анапрыенка, выпускнік сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. Выніковымі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сталі Паліна Журская з сярэдняй школы № 3, Данііл Шуляк з гімназіі № 1, Вадзім Васюкевіч з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава. Прызёркай абласных, рэспубліканскіх лёгкаатлетычных спаборніцтваў, кандыдаткай на ўдзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па фізкультуры і здароўі – гімназістка Вольга Радомская. Больш за 300 навучэнцаў Дзятлаўшчыны з’яўляюцца пераможцамі міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсаў. Сярод іх самых значных узнагарод – дыпломы Міністэрства адукацыі рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!” навучэнцаў раённага цэнтра дадатковай адукацыі Данііла Гародкі і сярэдняй школы № 3 Аляксандра Целехаўца; перамогі ў рэспубліканскім конкурсе “ПАТРЫЁТ.by” – навучэнца сярэдняй школы № 3 Данііла Івашэвіча, у рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці – навучэнцаў раённага цэнтра дадатковай адукацыі Данііла Пігульскага і Яраслава Мудрага. Хачу і надалей пажадаць вам не баяцца цяжкасцяў, якія робяць нас мацнейшымі, будзьце шчаслівымі, дасягайце пастаўленых мэтаў, любіце сваіх бацькоў, настаўнікаў, малую радзіму, – зазначыў Андрэй Уладзіміравіч.
Праграму свята прадоўжылі цікавыя навагоднія іспыты для тых, хто ўмее знаходзіць нестандартныя рашэнні – танцавальныя флэш-мобы, мемы, міні-апытанні, відэавіктарыны і нават новы спосаб барацьбы з пандэміяй – конкурс “Забань карону”.
Навагодні вальс для сяброў станцавала пара-ўдзельніца абласнога свята “Бліскучы баль” Паліна Дзедава і Данііл Гародка.
Песні, жарты, добры настрой, у рэшце рэшт, прывабілі ў студыю Дзеда Мароза і Снягурачку. Навагоднія героі таксама “ўпісаліся ў фармат” урачыстасці і прапанавалі кемлівым навучэнцам запаліць агеньчыкі на ёлцы з хайпам, у стылі TikTok.
Затым надышоў самы прыемны і чароўны час – уручэнне салодкіх падарункаў ад раённага выканаўчага камітэта.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga