Навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава пабывалі на навагодняй казачнай экалагічнай сцежцы “Ключы бабулі Зімы” ў Вензавецкім лясніцтве.
На парозе маленькіх гасцей сустракала бабуля Зіма, якая страціла ключы і вельмі перажывала, што дзеці не змогуць трапіць у рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Хлопчыкі і дзяўчынкі, не задумваючыся, пагадзіліся дапамагчы рассеянай гаспадыні льдоў і завей “зняць чары” з лесу, каб сустрэць надыходзячыя навагоднія святы разам са Снягуркай і яе добрым і шчодрым дзядулем-чараўніком. Дзеці гулялі па экалагічнай сцежцы са спецыяльнай тэматычнай картай, па якой знаходзілі адзін за адным чароўныя ключы, адказваючы на пытанні і выконваючы заданні казачных герояў: Лесуна, Дзядулі-баравічка, Рэха. Гэта дазволіла ім падысці да ўваходных варот казачнай рэзідэнцыі, дзе іх ужо чакала бабуля Зіма. Яна расказала юным падарожнікам, што сярод усіх знойдзеных ключоў адкрыць дзверы можна толькі адным – залатым. Менавіта ён хавае вялікую тайну: Новы год трэба абавязкова сустрэць у добрым настроі, з радасцю і пазітывам, толькі тады яго сімвал, блакітны вадзяны тыгр, выканае ўсе запаветныя жаданні і падорыць не адзін шчаслівы дзень.
У рэзідэнцыі маленькія следапыты ўдзельнічалі ў конкурсна-забаўляльнай праграме, спявалі песні і расказвалі вершы Снягурцы і Дзеду Марозу, за якія атрымлівалі цацкі і прысмакі. Пасля насычанай прагулкі і гульняў на свежым паветры юныя экатурысты саграваліся гарачым чаем з духмянымі кексамі і пячэннем.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі казачнага мерапрыемства, навучэнцы другога класа.
Кацярына Лях:
– Мне спадабалася, як мы шукалі чароўныя ключы. З нецярпеннем чакала сустрэчы з казачнымі героямі. З імі было весела і цікава. Расказала верш Дзеду Марозу. Ён быў пра Новы год. Вельмі рада, што ў падарунак атрымала цукеркі. Хачу прыехаць сюды яшчэ раз.
Андрэй Шулейка:
– Я сам знайшоў адзін ключ. Дапамагаў у пошуках іншым. З казачных персанажаў больш за ўсіх спадабалася Рэха. За прачытаны верш Дзед Мароз падарыў мне мыльныя бурбалкі. Былі смачныя кексы і пячэнне, салодкі чай. У Новым годзе жадаю ўсім шчасця і здароўя.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga