Камфорт для пацыентаў і медыкаў

Галоўнае Падзеі Улада

Пераднавагодняя пара – не толькі час цудаў і навагодняй казкі.

Наш раён завяршае каляндарны год добрымі, важнымі для дзятлаўчан адкрыццямі.

Сёння пасля бягучага рамонту свае дзверы для пацыентаў адчынілі адразу два абноўленыя тэрапеўтычныя аддзяленні Дзятлаўскай раённай бальніцы.

У святочна ўпрыгожаным фае бальніцы сабраліся яе работнікі і адміністрацыя. Каб даць старт добраму пачынанню, у райбальніцу прыйшлі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак.

З важнай для ўсяго раёна падзеяй прысутных павіншаваў Андрэй Садоўскі:

– Напярэдадні Новага года і Калядаў мне прыемна ўзгадаць, што восень і пачатак зімы для нашага раёна выдаліся “ўраджайнымі” на добрыя справы. Заключным у гэтым годзе аб’ектам стала сённяшняе адкрыццё аддзяленняў раённай бальніцы пасля рамонту. Магчымасць падтрымаць усе гэтыя праекты склалася дзякуючы моцнай эканоміцы нашага раёна, добрай рабоце прамысловых прадпрыемстваў. Мы ўкладваем сродкі раённага бюджэту туды, дзе яны сапраўды неабходныя.

Андрэй Уладзіміравіч заўважыў, што ў сучасным грамадстве ўсё ідзе па шляху прагрэсу, са з’яўленнем мадэрнізацыі прыходзяць мабільнасць і цэнтралізацыя. А значыць, пацыенты з усяго нашага раёна змогуць атрымліваць медыцынскую дапамогу ў выязных амбулаторыях, праходзіць лячэнне ў камфортных умовах цэнтральнай раённай бальніцы або ў міжраённых спецыялізаваных цэнтрах. Старшыня райвыканкама павіншаваў медыцынскіх работнікаў раёна з надыходзячымі святамі і выказаў ім шчырыя словы ўдзячнасці за самаадданую працу.

– У гэтых сценах вы не толькі папраўляеце здароўе пацыентаў – вы лечыце душы людзей, – сказаў ён.

Павіншавала сваіх калег і ўсіх дзятлаўчан са знакавай падзеяй намеснік галоўнага доктара Алена Якубоўская:

– Гэтага дня чакалі не толькі мы, работнікі раённай бальніцы, але і ўсе дзятлаўчане, і чаканні спраўдзіліся. Аддзяленне атрымалася ўтульным, яркім, сонечным. Гэта той выпадак, калі пацыентам нават сцены будуць дапамагаць ісці на папраўку. Ад усяго калектыву ўстановы дзякую раённым уладам за выдзеленыя на рамонт сродкі і пастаянны клопат пра нас. Мы верым у цуды, і яны збываюцца.

Каб памаліцца за здароўе дзятлаўчан і асвяціць абноўленыя пасля рамонту аддзяленні, райбальніцу наведалі благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і ксёндз-пробашч касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Здзіслаў Пікула. Яны падарылі медыцынскім работнікам іконы, каб ласка Божая заўжды дапамагала пацыентам і работнікам аддзялення.

Намеснікі галоўнага доктара Алена Якубоўская і Таццяна Свіб разам з медыцынскай сястрой бальніцы Ілонай Белавус правялі экскурсію для гасцей. У час яе кожны мог упэўніцца: будаўнікі і медыкі пастараліся на славу. У аддзяленнях да лепшага змянілася літаральна ўсё: ад сценаў і падлогі, якія набылі ўтульныя пастэльныя колеры, – да новай функцыянальнай мэблі і каляровай пасцельнай бялізны, якую выбіралі спецыяльна для падняцця настрою пацыентаў. Светлыя палаты са зручнымі ложкамі і перасоўнымі столікамі для прыёму ежы, санітарныя вузлы, абсталяваныя поручнямі для ляжачых хворых, сучасныя душавыя кабіны і сантэхніка. Акрамя таго, у калідорах аддзяленняў з’явіліся “куткі” для адпачынку пацыентаў, абсталяваныя мяккай мэбляй і тэлевізарам. Паклапаціліся ў час рамонту і аб камфорце медыцынскіх работнікаў, якія працуюць тут: акрамя сучасных кабінетаў для персаналу, у кожным аддзяленні былі абсталяваны пакоі для адпачынку і прыёму ежы з кухоннай мэбляй і бытавой тэхнікай.

Бягучы рамонт у тэрапеўтычных аддзяленнях бальніцы быў праведзены за 6 месяцаў гэтага года за сродкі раённага бюджэту: на рамонтныя работы было выдаткавана 584 тысячы рублёў, яшчэ каля 200 тысяч – на абнаўленне мэблі. Падрадчыкам работ выступіла Лідская ПМК-169. У абноўленых камфортных аддзяленнях райбальніцы пад наглядам вопытнага медыцынскага персаналу змогуць праходзіць лячэнне да 60 пацыентаў адначасова тэрапеўтычнага, кардыялагічнага і неўралагічнага профіляў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: