Аляксандр Баковіч: “Жадаю і іншым ставіць значныя мэты і абавязкова іх дасягаць”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёння, 14 снежня, у Гродне прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў абласной прэміі імя Аляксандра Дубко.

Па добрай традыцыі гэтай значнай узнагароды штогод удастойваюцца 39 навучэнцаў і студэнтаў, якія дасягнулі найбольш высокіх вынікаў не толькі ў вучобе і спорце, але і ў грамадскай дзейнасці.

Сёлета сярод намінантаў і наш зямляк – навучэнец 10 класа Новаяльнянскай сярэдняй школы Аляксандр Баковіч. Ён з задавальненнем падзяліўся ўражаннямі ад удзелу ў святочным мерапрыемстве.

– На цырымонію, якая праходзіла ў абласным Доме навукі і тэхнікі, былі запрошаны 39 самых паспяховых навучэнцаў вышэйшых, сярэдніх профільных, тэхнічных установаў адукацыі і школ Прынёманскага краю. Мне выпаў гонар быць сярод іх.

Адзначу, што свята было арганізавана на самым высокім узроўні, таму для мяне спачатку было вельмі хвалююча падымацца на сцэну, але я хутка ўзяў сябе ў рукі. Сур’ёзныя мерапрыемствы абласнога і рэспубліканскага ўзроўню не новыя для мяне, бо на працягу апошніх двух гадоў са сваімі настаўнікамі і адначасова навуковымі кіраўнікамі Аленай Вільгельмаўнай Баковіч і Сяргеем Уладзіміравічам Сокалам я працаваў над праектамі па рыбаводстве і біялогіі. Поспехам карысталіся такія з іх, як “Вадзяное сэрца”, “Сонечны канцэнтратар”, “Верматэхналогія”.

Прэмія імя Аляксандра Дубко – адна з найбольш значных узнагародаў, якія атрымліваў апошнім часам, таму я поўны станоўчых эмоцый і гэта матывуе мяне на далейшую працу над праектамі.

Сваім равеснікам таксама жадаю цярпення, уседлівасці, ставіць перад сабой значныя мэты і абавязкова іх дасягаць, імкнуцца працаваць больш і вучыцца лепей.

Ірына СТЫРНІК



Теги: