“Зрабі правільны выбар!”

Грамадства Свежыя навіны

Анлайн-канферэнцыя пад такой назвай сабрала на раённай платформе членаў, дэпутатаў V склікання моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў і кандыдатаў у дэпутаты моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў VI склікання.

У галоўнай студыі, якая знаходзілася ў раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, удзельнікаў віртуальнага форуму віталі каардынатар дзейнасці моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў Ірына Мішчанка; яго старшыня Паліна Белавус; дэпутат, старшыня камісіі па ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі і развіцці валанцёрскага руху Валерыя Шалесная; дэпутат, член камісіі па ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі і развіцці валанцёрскага руху Анастасія Шнітава; старшыня раённага валанцёрскага клуба “Мы разам!” Таццяна Орсік.

– Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта праінфармавала, што ў адпаведнасці з планам работы з 1 лістапада па 15 снежня 2021 года праходзяць выбары VI склікання моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, – увяла ў курс спраў Ірына Мішчанка.

Яна нагадала ўдзельнікам канферэнцыі, што моладзевы парламент пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў з’яўляецца дарадчым і кансультатыўным органам, ён функцыянуе для развіцця парламентарызму і папулярызацыі сярод моладзі сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання, выяўлення лідараў і прадастаўлення юнаму пакаленню магчымасці ўдзелу ў распрацоўцы і рэалізацыі абласных, раённых, гарадскіх сацыяльных праграм.

Правам быць абранымі дэпутатамі і ўдзельнічаць у выбарчых дзеяннях валодаюць навучэнцы 9-10 класаў, а таксама ўстановаў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты ВНУ Гродзенскай вобласці.

Права вылучэння кандыдатаў належыць вучнёўскім і студэнцкім калектывам, грамадскім моладзевым арганізацыям і аб’яднанням, зарэгістраваным міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Колькасць членаў абласнога Моладзевага парламента – 123 чалавекі, якія падзяляюцца на дзве палаты – навучэнскую і студэнцкую.

Правядзенне выбараў ажыццяўляецца адкрыта і галосна. Першы іх этап праходзіць з 1 па 24 лістапада 2021года, калі кандыдатаў у дэпутаты выбіраюць з дапамогай галасавання ва ўстановах адукацыі па месцы іх навучання. На працягу 24 працоўных дзён з дня пачатку выбарчай кампаніі ажыццяўляецца вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты ва ўстановах адукацыі. У заяўцы кожны з іх павінен прадставіць сваю біяграфію з фотаздымкам, праграмныя тэзісы, аўтарскі праект, дапускаюцца відэазвароты да выбаршчыкаў.

Другі, агітацыйны этап, пройдзе з 25 лістапада па 15 снежня 2021 года. У яго межах кандыдаты правядуць перадвыбарчую кампанію па месцы вучобы.

15 снежня 2021 года з 10 да 15 гадзін пройдзе Адзіны дзень галасавання – выбіраюцца дэпутаты, згодна з колькасным складам прадстаўніцтва ў моладзевым парламенце.

Пераможцамі выбараў і членамі моладзевага парламента становяцца кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасць галасоў. Канчатковыя вынікі будуць апублікаваны ў сродках масавай інфармацыі і на сайце Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі на працягу 3 каляндарных дзён пасля адзінага дня галасавання.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: