Меркаванні. Удзел непаўналетніх у несанкцыянаваных акцыях

Важнае Грамадства

Сваім бачаннем актуальнай праблемы ўдзелу непаўналетніх у несанкцыянаваных акцыях у нашым раёне падзяліліся шматдзетныя матулі Дзятлаўшчыны.

Наталля Маркава:

– Не ўхваляю паводзінаў тых бацькоў, якія ў натоўп бяруць з сабой дзяцей. Па-першае, дзе шмат людзей, там для малечы больш рызыкі заразіцца рознымі захворваннямі, у тым ліку каранавірусам. Па-другое, дарослыя справы павінны вырашаць дарослыя людзі, а дзецям з іх несфарміраваным светаўспрыманнем на гэта глядзець неабавязкова. Яны могуць спалохацца, адстаць ад блізкіх, не арыентавацца сярод чужых, быць траўмаванымі. Усё гэта адмоўна скажацца на дзіцячай псіхіцы.

Маленькія дзеці асабліва тонка адчуваюць эмоцыі матуль. Дбайная маці пастараецца ў раннім маленстве абараніць сваё дзіця ад негатыву, сфарміраваць у яго станоўчае ўспрыманне свету. Толькі так можна выгадаваць эмацыянальна здаровага чалавека. Мы, дарослыя, не павінны ствараць лішніх праблем дзецям, наша задача – іх любіць і абараняць.

Таццяна Антончык:

– Усе мы глядзім навіны. Мяне нядаўна непрыемна ўразіў кадр, калі бабуля прыйшла на мітынг забіраць сваё ўнучаня ў яго матулі. Страшна падумаць, што можа здарыцца з такімі дзеткамі, калі людскія эмоцыі “зашкаляць”. Дарослыя павінны быць дарослымі: прадбачыць, дзе іх дзяцей чакае небяспека.

Яшчэ адна праблема – самавольны ўдзел падлеткаў у несанкцыянаваных мітынгах. Дзеці павінны вучыцца. Без багажа жыццёвага і працоўнага вопыту непаўналетні не можа адэкватна ацэньваць сітуацыю, разумець, што адбываецца вакол. На кадрах з тэлеэкрана ў дзяцей разгубленыя і напалоханыя вочы. Я са старэйшымі сынам і дачкой размаўляла аб падзеях апошняга часу. Разам мы абмеркавалі, што маем, якія магчымасці дала нам дзяржава, што зрабілі самі. Прыйшлі да высновы, што жывём някепска, толькі хочацца вярнуць тыя мір і спакой, якія раней панавалі ў  Беларусі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup