Данілавіцкі сельскі выканаўчы камітэт падарыў ААТ “Граніт-Агра” выйграны ў аглядзе-конкурсе трактар МТЗ-82.
Урачыстая перадача тэхнічнага сродку і пашпарта на яго прыспела да прафесійнага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
Для ўручэння на мехдвор “Круцілавічы” прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых, работнікі культуры.
Аляксандр Станіслававіч і Ганна Мікалаеўна шчыра павіншавалі дырэктара сельгаспрадпрыемства Станіслава Мазура і калектыў з прафесійным святам, падзякавалі за тое, што заўсёды без прамаруджвання адгукваюцца на просьбы сельвыканкама па навядзенні парадку, пажадалі і надалей быць паспяховымі ў рабоце па ўсіх накірунках прафесійнай і грамадскай дзейнасці.
Цікава было даведацца ў Ганны Жых гісторыю каштоўнага прыза.
– Новенькі “МТЗ-82” – гэта вынік удзелу Данілавіцкага сельвыканкама ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў”, – патлумачыла Ганна Мікалаеўна. – Падаць заяўку з анкетай і фотаздымкамі параіў начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Дзмітрый Залеўскі, ідэйным натхняльнікам стаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ацэньваліся ўтрыманне тэрыторый населеных пунктаў, воінскіх пахаванняў, грамадзянскіх могілак, добраўпарадкаванне вуліц і дваровых тэрыторый, прыцягненне мясцовага насельніцтва да грамадска-значных спраў. Усяму гэтаму мы надаём шмат увагі, таму было аб чым расказаць. Актыўна сельвыканкам працуе па такім кірунку, як знос струхнелых нежылых дамоў і ўключэнне земляў у севазварот. Нядаўна значны аб’ём работ пры падтрымцы ААТ “Граніт-Агра” і Дзятлаўскага ПМС быў выкананы ў вёсцы Ахонава. Не менш актыўна ў апошнія гады добраўпарадкавалі могілкі шэрагу вёсак сельсавета, дзе выдалены сотні аварыйных дрэваў. Разам з землякамі адказна папрацавалі ў данілавіцкім парку, які заўважна памяняў свой выгляд.
Тым не менш, я была вельмі ўражана, калі пазванілі і сказалі, што наш сельвыканкам выйграў на конкурсе трактар. За падтрымку ва ўсіх справах і плённае супрацоўніцтва мы вырашылі перадаць галоўны прыз ААТ “Граніт-Агра”, ведаем, што і надалей яны будуць ва ўсім прыходзіць нам на выручку.
Сваімі ўражаннямі ад падзеі падзяліўся і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:
– Я не сумняваюся, што перамагчы ў аглядзе-конкурсе Данілавіцкаму сельвыканкаму дапамаглі добрасумленныя адносіны да справы і цяснейшае супрацоўніцтва з ААТ “Граніт-Агра”. Нездарма ў свой час рабоце ў гэтай гаспадарцы Ганна Мікалаеўна аддала не адзін дзясятак гадоў. Яна і цяпер стараецца прысутнічаць на ранішніх нарадах сельгаспрадпрыемства, каб быць у курсе спраў і патрэбаў мясцовага насельніцтва, своечасова ставіць і вырашаць жыццёвыя пытанні. Як ААТ “Граніт-Агра”, так і Данілавіцкі сельвыканкам з году ў год нераўнадушна, па-гаспадарску адносяцца да зямлі, на якой працуюць, гэта і дапамагае ім дабівацца таго, каб мясцовым людзям жылося камфортна, каб моладзь заставалася ў калектыве, каб вольны час работнікаў праходзіў цікава і з карысцю. Для гэтага робіцца ўсё: будуецца новае жыллё і спартыўныя пляцоўкі, адкрыта свая трэнажорная зала, работнікі забяспечаны “важкім” сацыяльным пакетам.
У сваю чаргу Станіслаў Мазур падзякаваў гасцям за віншаванні:
– Вельмі рады падарунку ад сельвыканкама. Хоць новай тэхнікай нас цяжка здзівіць, бо машынна-трактарны парк папаўняем рэгулярна, але “МТЗ-82” для нас не будзе лішнім. Задзейнічаць яго, у першую чаргу, мяркуем на ўнясенні ўгнаенняў і апрацоўцы раслін сродкамі хімічнай абароны, тым больш, што ў кабіне трактара ёсць кандыцыянер. Гэта ўчастак работ са шкоднымі ўмовамі, дзе ў нас працуе амаль уся новая тэхніка.
Плённае супрацоўніцтва з сельвыканкамам будзе прадоўжана, – паабяцаў Станіслаў Мазур. – Мы таксама плануем набыць для іх карысны інструмент – кустарэз і бензапілу, якія дапамогуць у навядзенні парадку. На тэрыторыі Данілавіцкага сельсавета жывуць нашы людзі, таму гаспадарка таксама зацікаўлена ў абкошванні населеных пунктаў, паркаў, месцаў агульнага карыстання, вывазе смецця з могілак, падсыпцы дарог.
На развітанне Ганна Жых падкрэсліла, што спыняцца на дасягнутым тут не збіраюцца, і падзялілася планамі добраўпарадкавання на бліжэйшую перспектыву. Па яе словах, у 2022 годзе на тэрыторыі сельсавета мяркуецца знесці яшчэ 6 струхнелых нежылых дамоў і ўвесці вызваленую зямлю ў севазварот. Чыстку, абрэзку і выдаленне аварыйных дрэваў плануецца ажыццявіць у парку аграгарадка Таркачы.
Застаецца толькі пажадаць, каб усе гэтыя і іншыя добрыя задумкі ажыццявіліся.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga