На штотыднёвай рабочай нарадзе старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі абмеркаваў з кіраўнікамі службаў актуальныя тэмы.
Працавалі ў рабочым рэжыме
Мінулы тыдзень на Дзятлаўшчыне выдаўся адносна спакойным для экстранных службаў раёна. Праваахоўнікамі вялася работа па аглядзе матэрыяльна-тэхнічнай забяспечанасці грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. Міліцыя затрымала злодзея, які ўчыняў крадзяжы з дачных і нежылых дамоў. Зарэгістраваны два махлярствы, звязаныя з банкаўскімі карт-рахункамі грамадзян, але, як сведчыць статыстыка, дзякуючы праведзенай рабоце, адзначаецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці падобных злачынстваў як у раёне, так і па рэспубліцы ў цэлым.
У мінулыя сем дзён ратаўнікі не выязджалі на ліквідацыю надзвычайных здарэнняў, затое аказвалі дапамогу камунальнікам райцэнтра ў выдаленні параснікаў. Добраўпарадкаванне будзе прадоўжана: наступны аб’ект – вуліца Слонімская, у тым ліку тэрыторыя, дзе завяршаецца будаўніцтва новага пажарнага дэпо.
Прадаўжаюць сваю работу аглядавыя камісіі раёна, асаблівая ўвага спецыялістаў надаецца грамадзянам асацыяльных паводзінаў і схільным да бадзяжніцтва.
Стрыманы аптымізм пры ўмове вакцынацыі
У раёне ідзе вакцынацыя супраць грыпу, ужо прышчэплены 22,3 % грамадзян, медыкі чакаюць, што праз некаторы час выйдуць на канчатковую планавую лічбу.
Прадаўжаецца вакцынацыя і ад каранавіруснай інфекцыі, на гэтым тыдні плануецца больш увагі надаць катэгорыі жыхароў 61-о года і старэйшым. На мінулым тыдні ў раёне адзначалася змяншэнне колькасці захварэўшых на COVID-19, што надае стрыманы аптымізм. Тым не менш, яшчэ нямала жыхароў праходзяць стацыянарнае лячэнне ў “чырвонай зоне” дзятлаўскай і слонімскай бальніц, колькасць ложка-месцаў і кропак падключэння да кіслароду не выклікае апасенняў.
Разам з тым, вельмі важна не збаўляць тэмпаў вакцынацыі, таму групы медыкаў і эпідэміёлагаў прадаўжаюць выязджаць у працоўныя калектывы, дзе тлумачаць работнікам, што толькі прышчэпка можа зберагчы чалавека ад цяжкага цячэння захворвання і далейшых ускладненняў са здароўем. Ужо заўважана, што, калі ў вакцынацыі калектыву і стварэнні агульнага імунітэту зацікаўлены сам кіраўнік, работнікі часцей прымаюць станоўчае рашэнне.
Восень на палетках раёна
У гаспадарках Дзятлаўшчыны прадаўжаюцца асеннія палявыя работы. Калі ўборка цукровых буракоў не выклікае апасенняў, то ўборка кукурузы застаецца на кантролі, бо, адпаведна плана, гэты від работ павінен быць поўнасцю выкананы праз паўтара тыдні. На жаль, сярод гаспадарак ёсць менш паспяховыя: знізіліся паказчыкі па раслінаводстве і нарыхтоўцы кармоў у КСУП “Жукоўшчына”, адзначаецца тут і нізкі тэмп ворыва.
Гаспадарчы падыход
Зямля і будынкі на ёй патрабуюць гаспадарчага падыходу, таму з года ў год вялікая ўвага ў раёне надаецца пытанням незавершанага будаўніцтва.
Як расказаў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васіль Пяцюк, на 2021 год на Дзятлаўшчыне было запланавана 13 мерапрыемстваў па незавершаным будаўніцтве: увод 5-і аб’ектаў у эксплуатацыю; знос або продаж 3-х аб’ектаў; яшчэ 5 меркавалася спісаць з уліку. Нерэалізаванымі пакуль засталіся 4 аб’екты раёна: будаўніцтва лазні на тэрыторыі Дзятлаўскага ПМС (ажыццяўляецца работа па атрыманні заключнай дакументацыі на будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю); знос жылога дома ў аграгарадку Раготна (мяркуецца правесці ў лістападзе); яшчэ не да канца вырашаны пытанні аб лёсе такіх незавершаных аб’ектаў, як кацельня клуба ў вёсцы Дзянісава і воданапорная вежа па вуліцы Цэнтральнай у гарпасёлку Казлоўшчына.
Рознае
У раёне пачалася арганізацыйная падрыхтоўка да правядзення навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”: спецыялісты вызначаюцца, колькі падарункаў і для якіх катэгорый юных жыхароў будзе падрыхтавана.
Ажыццяўляецца падрыхтоўка прылеглай пляцоўкі пад будучы капітальны рамонт інтэрната па вуліцы Міцкевіча, мяркуецца, што ў хуткім часе тут пачнуцца першыя работы.
Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама прадаўжаюць работу з такой катэгорыяй грамадзян, як незанятыя ў эканоміцы раёна: кожны выпадак вывучаецца і аналізуецца індывідуальна.
Разгледжаны аб’екты Дзятлаўшчыны, якія ўвойдуць у спіс прапановаў для ўключэння ў інвестыцыйную праграму вобласці на наступны год.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga