У Гезгалаўскае вадасховішча запусцілі шчупака і карася

Важнае Грамадства

У Гезгалах па ініцыятыве Дзятлаўскай раённай арганізацыйнай структуры Рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” прайшло зарыбленне мясцовага вадасховішча, плошча якога складае 74, 9 гектара.

У вадаёме “прапісаліся” 750 асобін сяголетак шчупака і 3700 – рознаўзроставага карася. Зарыбленне накіравана на пашырэнне відавога саставу вадасховішча, задавальненне патрэб рыбакоў.

– Ужо на працягу трох гадоў запускаем рыбу ў вадаём. Звычайна ўвосень, бо гэта найбольш спрыяльная пара для зарыблення. Неаднаразова “адпраўлялі ў самастойнае плаванне” таўсталобікаў і белых амураў. У наступным годзе таксама парадуем рыбакоў: плануем запусціць у вадасховішча самоў і лічынак шчупака, – расказаў дырэктар раённай арганізацыйнай структуры Аляксандр Шчыкарэвіч.

У сваю чаргу, значную дапамогу ў зарыбленні вадасховішча аказваюць самі рыбакі-аматары, якія з’яўляюцца членамі арганізацыі і маюць адпаведны білет. На сённяшні дзень іх налічваецца 179 чалавек, у кожнага з якіх ёсць некаторыя перавагі пры лоўлі рыбы. Штогод яны выплачваюць ўнёскі у памеры адной базавай велічыні, і 90 % ад пазначанай сумы адлічваецца на правядзенне мерапрыемстваў па зарыбленні вадаёмаў. Аднак парыбачыць на Гезгалаўскім вадасховішчы могуць і людзі, якія не з’яўляюцца членамі аматарскага таварыства, яно адкрыта для ўсіх жадаючых і заўсёды імкнецца “падзяліцца” багатым уловам. Тым больш што абмежаванняў па лоўлі рыбы ў перыяд зарыблення няма. Гэта звязана з вялікай плошчай вадаёма, яго дастатковай глыбінёй і своечасовым сыходам водных жыхароў падчас восеньскай пары ў зімавальныя ямы.

Разам з Новаяльнянскім вадасховішчам вадаём у Гезгалах уключаны ў рэспубліканскую праграму па зарыбленні. У ім спрыяльныя ўмовы для развядзення рыбы. Возера знаходзіцца на рацэ Моўчадзь – гэта дазваляе пастаянна абменьвацца з “суседкай” вадой, узбагачанай кіслародам.

Яно карыстаецца папулярнасцю сярод аматараў “воднага палявання”. Так, на базе вадасховішча праводзіліся міжраённыя спаборніцтвы, прымеркаваныя да Дня рыбака. У іх прынялі ўдзел больш за 100 чалавек са Слонімскага, Дзятлаўскага, Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. Спаборніцтвы былі арганізаваны на годным узроўні і атрымалі добрыя водгукі.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga