У адной звязцы. Хто наводзіць парадак у парку?

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі, які сёлета праходзіць пад знакам Года народнага адзінства.

Адным з аб’ектаў, дзе ажыццяўляецца добраўпарадкаванне, стаў гарадскі парк па вуліцы Міцкевіча. Тут плануецца выканаць значны аб’ём работ. У актыўную фазу яны ўвайшлі 4 лістапада, таму гэты дзень па праву можна назваць “чысты чацвер”.

Ужо з раніцы па парку разносіцца шум рухавікоў і рабочых інструментаў. Гэта працуе тэхніка Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Як расказаў дырэктар арганізацыі Сяргей Луня, камунальнікі за сродкі абласнога суботніка ажыццяўляюць рамонт мемарыяла – брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі і партызан, загінулых пры вызваленні Дзятлаўшчыны, і магілаў Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова, што знаходзяцца ў цэнтры парка. Заадно наводзяць парадак каля возера насупраць помніка і ставяць калочкі-меткі пад будучыя саджанцы дрэўцаў, якія таксама сёлета “паселяцца” на паркавых алеях.

У гэты ж дзень на дапамогу камунальнікам выйшлі актывісты грамадскіх арганізацый раёна. Іх задача – навесці чысціню: падгрэбці апалае лісце, сабраць галіны і смецце, загрузіць усё гэта на трактар РУП ЖКГ.

У складзе вялікага працоўнага дэсанта – прадстаўнікі раённага аб’яднання прафсаюзаў і галіновых прафсаюзных арганізацый, актывісты грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, Таварыства Чырвонага Крыжа.

З добрым настроем усе яны працуюць поруч, у адной звязцы, каб на аб’екце добраўпарадкавання было чыста і прыгожа, каб парк радаваў гараджан у любы сезон года, пры любым надвор’і.

Удзельнікі акцыі ахвотна падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Аляксей Урбановіч, старшыня пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь” Дзятлаўскага лясгаса:

– Сярод галоўных задач лясгаса – навядзенне парадку на зямлі, таму нашы работнікі актыўна ўдзельнічаюць у многіх падобных мерапрыемствах. Сённяшняе не стала выключэннем, асабліва радуе, што яно такое шматлікае. Я лічу, што вельмі важна, каб у цэнтральным парку панавалі парадак і чысціня, бо гэта ў першую чаргу заўважаюць госці нашага горада і раёна. Чысціня – своеасаблівы знак гасціннасці. Цудоўна, што і мы зробім свой унёсак у добраўпарадкаванне гэтага аб’екта, што па парку будзе прыемна прайсціся або пасядзець тут на лавачцы, сфатаграфавацца.

Вольга Бародзіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў:

– Важна адзначыць, што прафсаюзныя арганізацыі пастаянна даглядаюць падобныя памятныя мясціны і зоны адпачынку. Для нас гэта стала добрай традыцыяй. Вось і сёння мы тут працуем з добрым настроем, усе разам, што асабліва прыемна ў Год народнага адзінства.

Наталля Седляр, актывістка пярвічнай арганізацыі ГА “БСЖ” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна:

– Сёння цудоўнае надвор’е, якое зараджае энергіяй, і гэта выдатная нагода, каб навесці парадак у парку. Залатая восень, калі ўсе тут фатаграфаваліся з букетамі лісця, мінула, лістота пацямнела, на зямлі глядзіцца непрыгожа. Мы жанчыны, і жаданне падтрымліваць чысціню заложана ў нашай прыродзе. Аб гаспадынях судзяць, ацэньваючы парадак. Дзятлаўшчына – гэта наша зямля, каму, як не нам, пра яе клапаціцца. Гарадскі парк – тое месца, дзе землякі любяць адпачываць цэлымі сем’ямі, тут гуляюць матулі з каляскамі і маленькімі дзеткамі. Мы адчуваем вялікае жаданне зрабіць для іх прыемнае, каб яны дыхалі свежым паветрам, любаваліся краявідамі, фатаграфаваліся на іх фоне. Усе разам мы працуем для сваіх землякоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: