Сапраўдныя прафесіяналы і проста годныя людзі

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

10 лістапада ў Беларусі адзначаецца Дзень ушанавання ветэранаў Міністэрства ўнутраных спраў.

У падраздзяленнях міліцыі рэспублікі аддаюць даніну павагі тым, хто прысвяціў сваё жыццё службе.

Не абышоў увагай памятную дату і наш зямляк, былы начальнік раённай міліцыі, а цяпер старшыня ветэранскай арганізацыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Ламака.

У рэдакцыю раённай газеты Аляксандр Вікенцьевіч прынёс свае ўспаміны аб працоўных буднях і саслужыўцах, чые імёны назаўсёды ўпісаны ў гісторыю дзятлаўскай міліцыі.

– Пасля аднаўлення нашага раёна як адміністрацыйнай адзінкі ў снежні 1965 года Дзятлаўскі аддзел унутраных спраў узначаліў падпалкоўнік міліцыі Пётр Кароза, – пачынае свой аповед аўтар. – Літаральна праз тры гады Пятра Аляксеевіча перавялі на пасаду начальніка Лідскага ГРАУС, адкуль ён выйшаў у адстаўку.

На працягу наступных 15 гадоў дзятлаўскую міліцыю ўзначальваў рэдкай душэўнай дабрыні чалавек Уладзімір Капціловіч, які выдатна сябе зарэкамендаваў на гэтай пасадзе.

У 1983-1987 гадах аддзелам кіраваў Пётр Грымута. Пазней ён працаваў у Ваўкавыску і Гродне, быў галоўным рэдактарам “Міліцэйскага весніка”.

Наступным на пасаду начальніка быў прызначаны я, Аляксандр Ламака, адпрацаваў кіраўніком райаддзела 7 гадоў.

Маладым юнаком у 1976 годзе прыйшоў у дзятлаўскую міліцыю Анатоль Панкевіч. Назапасіўшы багаты службовы вопыт, Анатоль Леанідавіч узначальваў аддзел з 1993 па 2005 гады. Ён шмат зрабіў для таго, каб у нашым раёне скарацілася колькасць злачынстваў.

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная Міхаілу Карабанаву і Уладзіміру Зайцу. Абодва яны – прыклад сумленнага служэння Радзіме, вернасці сваёй прафесіі. Міхаіл Карабанаў скончыў службу ў якасці начальніка

Дзятлаўскага аддзела “Ахова”, сярод яго ўзнагародаў – ордэн Чырвонай Зоркі, медалі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”. Уладзімір Заяц пачаў працаваць у міліцыі па камсамольскай пуцёўцы, на рахунку гэтага смелага праваахоўніка шмат подзвігаў, звязаных з рызыкай для жыцця. Міліцэйскую службу ён скончыў на пасадзе начальніка пашпартнага стала.

Нельга не ўзгадаць імёны дзятлаўскіх міліцыянераў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Браніслава Грэйні і Івана Талерчыка.

Супрацоўнікі раённага аддзела не забываюць і ветэранаў службы, якіх ужо няма побач з намі: Анатоля Урублеўскага, Васіля Адамчыка, Міхаіла Трубілу, Мікалая Белавуса, Івана Макарчыка, Віктара Луню, Таццяну Лайло, Фёдара Шостака, Дзмітрыя Новікава, Івана Мацюкевіча, Канстанціна Уласевіча, Леаніда Жэгалу, Валянціна Копаця, Леаніда Ломаця, Ганну Гуз.

У 1980 годзе, калі ў Савецкім Саюзе праходзілі Алімпійскія гульні, ахову грамадскага парадку на іх забяспечвалі супрацоўнікі розных падраздзяленняў міліцыі, у тым ліку Дзятлаўскага РАУС. З гэтай мэтай у Маскву былі накіраваны Анатоль Альшэўскі, Міхаіл Шундрык, Дзмітрый Новікаў. Сам я таксама быў прыцягнуты для аховы парадку ў час футбольных матчаў алімпіяды, за ўзорнае выкананне службовага абавязку адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства ўнутраных спраў БССР за подпісам тагачаснага міністра Генадзя Жабіцкага.

Калі свет ускалыхнула Чарнобыльская катастрофа, міліцыянеры Дзятлаўшчыны таксама прынялі ўдзел у ліквідацыі яе наступстваў. Гэта Валерый Ліскоў, Мікалай Бялоцкі, Валянцін Багдзель, Аляксандр Санюк, браты Аляксандр і Сяргей Ламакі. Усяго ў раёнах аварыі пабывалі і паўдзельнічалі ў работах 29 супрацоўнікаў нашага аддзела.

Дзятлаўскія міліцыянеры Уладзімір Павачка і Валянцін Пачабыт выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у час вайны ў Афганістане, былі ўдастоены ўзнагародаў за мужнасць і адвагу.

У наш час аддзел унутраных спраў райвыканкама ўзначальвае Аляксандр Біль, пад яго кіраўніцтвам нясе службу зладжаны, згуртаваны калектыў прафесіяналаў, здольны вырашаць самыя складаныя задачы.

Ад імя тых, хто ў страі, і ветэранскай арганізацыі мы перадаём віншаванні са святам усім тым, хто звязаў сваё жыццё з работай у міліцыі, жадаем моцнага здароўя, ладу ў сем’ях, надзейных сяброў і доўгіх светлых дзён жыцця.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: