Гэта пра тыя ўражанні, якія пакінула экскурсія, арганізаваная раённым саветам ветэранаў.
Яна была прымеркавана да знакавых падзей у жыцці нашай краіны: 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці.
Удзельнікамі паездкі сталі наведвальнікі клуба “Нам гады не бяда”, народнага хору ветэранаў працы“Ветэраны ў страі”, групы “Натхненне” і, наогул, пажылыя людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Падарожжа пачалося з наведвання Мірскага замка, дзе кожны адчуў на сабе павевы сівой мінуўшчыны, праходзячы па дворыку і гледзячы на старажытныя муры замка. Затым адправіліся на Курган Славы, каб пакланіцца подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Найбольшыя ўражанні пакінула наведванне мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Тут чакала незабыўная экскурсія, дзе кожнае слова гіда, кожны крок па гэтым святым для беларусаў месцы і нават цішыня, тая незвычайная, бо гаварыць тут цяжка і непрыстойна, чырвоныя агеньчыкі кветак, якія аж гараць пад летнім сонцам як сімвал кропелькі крыві тых, хто застаўся тут навечна, адклікаліся болем і слязьмі на вачах.
– Плакалі амаль усе, – адзначае Ядвіга Гушча, сакратар савета ветэранаў, дарэчы, арганізатар паездкі. – Ужо тое, што мы тут, а многія не былі ні разу або гадоў 50 назад, на гэтым свяшчэнным месцы, пакінула незабыўны адбітак у душы кожнага з нас. А яшчэ магчымасць на свае вочы пабачыць і адчуць увесь маштаб той страшнай трагедыі, сляды якой пакінулі фашысты на беларускай зямлі, пакланіцца памяці людзей, няскораных, моцных духам, якія вытрымалі жудасныя выпрабаванні дзеля міру на зямлі. Таму зайшлі ў царкву, па праваслаўнай традыцыі запалілі памінальныя свечкі, а таксама за мір і згоду ў Беларусі.
Мы не маем права забываць гісторыю, і нам трэба зрабіць усё, каб ніколі на нашай зямлі не грымелі выбухі, не плакалі маці, не гінулі дзеці. Наша краіна – міралюбная дзяржава.
А затым па дарозе дамоў дзівіліся прыгажосцю палёў, багатых ураджаем, шырокімі дагледжанымі дарогамі, незвычайнай чысцінёй, блакітным мірным небам над галовамі, якое ў гэты дзень здавалася асабліва чыстым, мо таму, што дасталося нам такой цаной. І кожны адчуваў удзячнасць нашаму Прэзідэнту, працавітаму беларускаму народу, які гэта ўсё стварае і захоўвае. І нават надвор’ю, якое таксама не падвяло, каб дарога ў памяць была лёгкай і прыемнай.
Таццяна САНЮК
Фота ўдзельнікаў экскурсіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga