Не разлі вада. Моладзь працуе разам

Важнае Грамадства

Нават неспадзяваныя капрызы восеньскага надвор’я не перашкода для добрых спраў валанцёраў ГА “БРСМ”.

На гэты раз у рамках месячніка па навядзенні парадку на зямлі, прымеркаванага да Года народнага адзінства, навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава на чале з першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык навялі парадак у парку вёскі Апаліна-Басіна каля помніка 31 земляку, загінуламу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны сабралі галіны, падграблі і вынеслі лісце і смецце.

Як расказала Кацярына Уладзіміраўна, такім чынам валанцёры далучыліся да круглагадовай моладзевай патрыятычнай акцыі “Захаваем памяць на стагоддзі”, скіраванай на навядзенне парадку на воінскіх пахаваннях, аказанне дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікам тылу, захаванне культурна-гістарычных традыцый.

– Мы, як юнае пакаленне, павінны клапаціцца пра герояў, якія жывуць побач, і тых, каго ўжо няма на свеце, – зазначыла моладзевы лідар раёна. – Дэвіз нашага аб’яднання: “Будучыню ствараць маладым”, але найперш трэба захаваць тое, што закладзена і пабудавана продкамі, якія адстаялі мір і спакой на беларускай зямлі.

Адметна, што на днях я пабывала на рэспубліканскім форуме з наведваннем Брэсцкай крэпасці-героя, а цяпер з валанцёрамі прадаўжаю добрыя справы на малой радзіме, – прадоўжыла свій аповед Кацярына Хілімончык. – На тэрыторыі крэпасці, як нідзе, разумееш: не дай Бог перажыць вайну. Мы павінны шанаваць подзвігі продкаў, прывіваць гэта дзецям, каб у любое надвор’е моладзь аддавала ім даніну памяці і гонару. Грамадзянска-патрыятычнае і працоўнае выхаванне, асабісты прыклад – важныя аспекты адукацыі. Прыемна, калі потым без дарослых, маладыя людзі, убачыўшы непарадак ці праблему, не могуць прайсці міма. Хочацца, каб дэвізам кожнага актыўнага беларуса было: “Берагчы, захоўваць, памнажаць!”.

– Папрацаваць разам з сябрамі весела і цікава, – збіраючы лісце ў вялікі мех, дзеліцца ўражаннямі валанцёр Мікіта Кашко. – Раней мы выходзілі на суботнікі пераважна на тэрыторыі сваёй школы, а каля помніка ў вёсцы Апаліна-Басіна былі толькі ў час экскурсіі са школьным летнікам. Цяпер усе разам робім гэта памятнае месца чысцейшым, ушаноўваем сваёй працай подзвігі землякоў.

– Працаваць разам не цяжка, – уключаецца ў размову яшчэ адна ўдзельніца акцыі Мілана Шэўко, – мы з дзяўчатамі падмятаем, хлопчыкі грабуць і выносяць смецце. Каля помніка будзе чыста. Я лічу, што ўсім трэба берагчы памятныя мясціны сваёй краіны, горада і раёна, актыўна ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах і падаваць прыклад іншым.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: