З 25 па 31 кастрычніка ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 80 паведамленняў, 2 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 29 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 49 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 44 правапарушальнікі, узбуджана 5 крымінальных спраў.
У госці праз акно не ходзяць
Міліцыя адшуквае невядомага злодзея, які з 24 на 25 кастрычніка “пагаспадарыў” у дачным доме вёскі Норцавічы. Зламыснік разбіў аконнае шкло, выставіў раму, скраў прадукты харчавання і пластыкавае вядро на агульную суму 115 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Захацелася салодкага жыцця
Дачны дом жыхара горада Гродна ў вёсцы Навасёлкі наведаў невядомы аматар “салодкага жыцця”, на якога ўзбуджана крымінальная справа. З вулляў, якія знаходзяцца на падворку, злодзей дастаў і забраў з сабой тры рамкі з мёдам, чым нанёс матэрыяльны ўрон на 150 рублёў.
Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці гэтых крадзяжоў, паведаміць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.
Тэлефон узяў, а вярнуць забыўся?
Адказаць перад судом за супрацьпраўны ўчынак давядзецца нашаму земляку, які ў гарадскім пасёлку Наваельня папрасіў у жыхара аднаго з аграгарадкоў раёна мабільны тэлефон коштам 500 рублёў нібыта для званка. Назад дарагі гаджэт махляр так і не вярнуў. Па дапамогу гаспадару мабільніка давялося звяртацца ў міліцыю.
Якія з п’яных работнікі?
Міліцыя прадаўжае рэйды-праверкі сельгасарганізацый нашага раёна. У час чарговага з іх у адной з гаспадарак нецвярозымі на працоўным месцы праваахоўнікі засталі двух аператараў машыннага даення. Аматарам моцных напояў вынесены папярэджанні.
Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga