Мы любім свой горад Дзятлава і радуемся, калі ён мяняецца да лепшага.
Будуюцца новыя дамы, а старажылы-шматпавярховікі набываюць пасля капітальнага рамонту другое жыццё, абнаўляюцца двары і вуліцы. Сёлета сіламі камунальнікаў і дарожнікаў Дзятлаўшчыны вялікае пераўвасабленне адбылося ў мікрараёне вуліц Перамогі, Чырвонаармейскай і Клары Цэткін.
Многія дамы тут будаваліся больш за сорак гадоў таму, дваровая тэрыторыя была добраўпарадкавана яшчэ ў тыя часы і сёння патрабавала рамонту. Гэта разумелі і мясцовыя жыхары, і раённая ўлада: аб’ект уключылі ў раённую інвестпраграму на 2021 год, і ён атрымаў дзяржаўнае фінансаванне. Агульнымі намаганнямі за лета тут зрабілі грандыёзную работу, кардынальна змянілі выгляд мікрараёна.
Першымі ацанілі перамены вадзіцелі: калі раней у двары ледзь маглі размінуцца дзве машыны, то цяпер дарогі з новым асфальтавым пакрыццём сталі шырокімі і роўнымі, з’явіліся дадатковыя парковачныя месцы для ўладальнікаў аўто, у тым ліку для інвалідаў.
Майстар ДРБУ № 119 Павел Сіневіч, які жыве тут, у доме па вуліцы Клары Цэткін, разам з брыгадай механізатараў рыхтаваў гравейную аснову пад асфальтавае пакрыццё. Вынікам калектыўнай работы ён задаволены з абодвух бакоў:
– Жыву тут з 1991 года, з’яўляюся вадзіцелем са стажам. Помню, што яшчэ нядаўна ў двары было не праехаць, я сам ставіў машыну са знешняга боку дома. Цяпер пад’езд зручны, калі няма гасцей, парковачных месцаў з большага хапае для мясцовых жыхароў, ды можна аўтамабіль і на ўзбочыне паставіць пры неабходнасці. Двор стаў утульным, ажыў. Тут часцей збіраюцца людзі пасядзець на лавачках, у добрае надвор’е поўна дзяцей на дзіцячых пляцоўках. Мне вельмі падабаецца.
Тыя, хто не мае ўласнага транспарту, таксама ацанілі абнаўленне двара. Пасля рамонту тут змянілася пешаходная лагістыка: цяпер з любога боку мікрараёна можна без праблем патрапіць у супрацьлеглы. У камунальнай службе раёна адзначылі, што, замаўляючы праект, папрасілі распрацоўшчыкаў улічыць усе “несанкцыянаваныя” сцяжынкі, якія гадамі пракладваліся людзьмі праз двор ад гарадскога парку да царквы і ад магазіна “Світанак” – да Цэнтра культуры і народнай творчасці. Сёння іх звязвае сетка дарожак, вымашчаных тратуарнай пліткай: зручна, акуратна, прыгожа. Тут з’явіліся бяспечныя зручныя заезды, выкананыя па сучасных тэхналогіях, пафарбаваныя ў заўважны здалёк жоўты колер. Побач з кожным домам – новыя лаўкі, сметніцы, у цэнтры двух двароў – цэлы рад кантэйнераў для раздзельнага і агульнага збору цвёрдых камунальных адходаў.
Яшчэ адным пажаданнем ад мясцовых жыхароў, якое пастараліся ўлічыць камунальнікі, было з’яўленне побач з дамамі новых турнікоў для выбівання дываноў і рамонт старых, а таксама азеляненне тэрыторыі.
– На жаль, не ў любым месцы, дзе жадаюць мясцовыя жыхары, мы можам устанавіць малыя архітэктурныя формы або пасадзіць дрэвы: на азначанай тэрыторыі праходзяць шматлікія камунікацыі, яны маюць свае ахоўныя зоны, парушаць якія не дазваляецца, – тлумачыць сітуацыю дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Луня. – Тым не менш, думаю, дзятлаўчане заўважылі, што райцэнтр сёлета істотна азеляніўся. Толькі ў названым двары нашы работнікі пасадзілі каля 20 дрэваў і кусты, у бліжэйшым парку ўкаранілі каштоўныя букі і сартавыя сосны. А ў цэлым па горадзе колькасць саджанцаў перавысіла 500 дрэваў. Камунальная служба пры дапамозе працоўных калектываў горада правяла не толькі кампенсацыйныя высадкі, але намнога перавысіла план.
Пасля рамонту ў мікрараёне з’явіліся адразу дзве дзіцячыя пляцоўкі, якія пазітыўна ацанілі дарослыя і маленькія мясцовыя жыхары. Цяпер ёсць дзе дзецям разгуляцца і бацькам пабыць, каб прыгледзець за імі.
– Жывём тут у пяціпавярховым доме па вуліцы Перамогі, – расказвае маладая мама Крысціна Александровіч. – У мяне двое дзетак: шасцігадовы сын і дачка, якой два з паловай гады. З’яўленне новай дзіцячай пляцоўкі мы чакалі, вельмі задаволены, праводзім тут шмат часу. Яшчэ дзеці чакалі на пляцоўцы дзіцячую горку. Спадзяюся, калі-небудзь яна тут з’явіцца. Увогуле, двор змяніўся, у нас стала так прыгожа!
Заказчыкам работ па добраўпарадкаванні мікрараёна выступіў Дзятлаўскі жылкамунгас, генеральным падрадчыкам – дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне, у камандзе якога працавалі дзятлаўскія, слонімскія і зэльвенскія дарожнікі, а таксама мясцовая камунальная служба. Па словах дырэктара ДРБУ № 119 Дзмітрыя Мазаля, усё запланаванае заказчыкам удалося паспяхова рэалізаваць:
– Грунтоўная работа была праведзена дастаткова хуткімі тэмпамі дзякуючы стабільнаму фінансаванню і зладжанай рабоце, – адзначае ён. – Камунальнікі і дарожнікі сталі адной дружнай камандай, эфектыўна і актыўна папрацавалі для камфорту людзей.
Завяршальны штрых да абноўленага двара зрабіў Дзятлаўскі філіял аблспажыўтаварыства, адкрыўшы пасля рамонту харчовы магазін “Світанак”, такі патрэбны мясцовым жыхарам.
***
А вось паглядзіце, што быдо да рамонту.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga