І зашуміць парк новымі дрэвамі

Галоўнае Улада

Квітней, любімая Дзятлаўшчына!

Гэта пажаданне сваёй Бацькаўшчыне нашы землякі пацвярджаюць актыўнымі справамі. Адным з мерапрыемстваў месячніка па навядзенні парадку на зямлі, які сёлета прымеркаваны да Года народнага адзінства, стала высадка дэкаратыўных дрэваў у парку па вуліцы Міцкевіча ў Дзятлаве.

У добрую справу актыўна ўключыліся кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч і яе ўдзельнікі, а таксама супрацоўнікі райвыканкама і работнікі камунальнай службы раёна.

Агульнымі стараннямі ў парку высадзілі каля 50 дрэваў, у ліку якіх сасна веймутавая і горная, а таксама бук. Саджанцы Дзятлаўскае РУП ЖКГ загадзя закупіла ў мінскай кампаніі “Чырвоны клён”. Усе яны маюць добрую каранёвую сістэму, а значыць, вялікі шанц прыжыцца і ўпрыгожыць сабой любімае месца адпачынку дзятлаўчан.

– На маю думку, сасна – адно з самых прыгожых дрэваў, негалосны сімвал Дзятлаўскага раёна, – адзначыў Андрэй Садоўскі, садзячы хваёвае дрэва.

– Андрэй Уладзіміравіч, за апошнія гады вы пасадзілі на Дзятлаўшчыне нямала дрэваў як у лясах, так і ў населеных пунктах. Па-вашаму, чаму гэта важна?

– Мне вельмі шмат у жыцці давялося садзіць і сеяць. З радасцю прадаўжаю гэту добрую традыцыю і на дзятлаўскай зямлі. Прыгожая, багатая прырода – гэта адна з найвялікшых каштоўнасцяў, якую мы павінны зберагаць і памнажаць. Экалагічная тэма – нязменна актуальная для сучаснага свету.

– Як праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі?

– Вельмі актыўна і плённа! У яго мерапрыемствах прынялі ўдзел як працоўныя калектывы, так і грамадскія аб’яднанні раёна. Навялі чысціню побач са сваімі адміністрацыйнымі будынкамі, у грамадскіх месцах, парках горада і пасёлках. Зладжанай рабоце спрыяла добрае восеньскае надвор’е. Усе разам пастараліся для сябе, бо парадак не толькі радуе вока і грэе душу, але і павышае настрой, прадуктыўнасць працы ва ўсіх сферах.

– Ці актыўныя ў навядзенні парадку гаспадары ўласных падворкаў?

– Нашы людзі вельмі любяць чысціню і падтрымліваюць яе. Асабліва гэта відаць вясной і ўвосень, калі яны прыбіраюць свае прысядзібныя тэрыторыі. Ёсць некаторыя праблемы з добраўпарадкаваннем у сельскіх населеных пунктах, дзе застаюцца пуставаць дамы без гаспадароў, але тут у справу ўключаюцца сельвыканкамы, знаходзячы выхады з сітуацыі.

У гэты ж дзень побач з Дзятлаўскім цэнтрам культуры і народнай творчасці з’явілася свая дубовая алея, дзе “пасяліліся” дрэўцы з казлоўшчынскіх лясоў. Для галоўнага бухгалтара райвыканкама Галіны Ермачэнка пасадка дрэваў тут асабліва адказная і хвалюючая, бо адбываецца побач з яе домам.

– Вельмі рада сёння дакрануцца да агульнай добрай справы пасадкі дрэваў у гарадскім парку. Разам з калегамі па працы я інвестую ў будучыню, і ўжо праз пару гадоў прагожыя дубы і букі зашумяць лістотай пад маімі вокнамі. Буду з хваляваннем сачыць за тым, як растуць дрэвы, і радавацца, калі яны прыжывуцца на маёй роднай зямлі.

Мерапрыемствы па пасадцы дрэваў прадоўжыліся ў мікрараёне вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве, дзе побач з сучаснымі шматпавярховымі дамамі з’явіліся свае лісцёвыя алеі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: