Агонь – гэта вам не жарты!

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У гэтым запэўнілі ўсіх удзельнікі анлайн-чэленджу “За бяспеку разам”, які адбыўся ў межах рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі.

У Дзятлаве ўзнагародзілі пераможцаў і прызёраў конкурсу.

Арганізатарамі акцыі выступілі сектар па рабоце з моладдзю раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Пляцоўкай для творчасці стала сацыяльная сетка “Інстаграм”, дзе ўдзельнікі анлайн-чэленджу размяшчалі фотаздымкі, у сюжэце якіх адлюстроўвалі пажаранебяспечныя сітуацыі. Фота суправаджаліся вершаванымі чатырохрадкоўямі па тэме і хэштэгам #Забезопасность.

Конкурсная камісія ў саставе інспектара Дзятлаўскага РАНС Мікіты Кандратовіча, дырэктара Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталлі Маліноўскай і начальніка аддзела метадычнай работы Марыны Лукіянец выбрала з амаль 30 работ пяць лепшых. Першае месца падзялілі Паліна Палуносік і Ксенія Радзько, другое месца заняла Ульяна Папроцкая – вучаніцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава. Трэцімі сталі прадстаўнікі Дварэцкага дома культуры, закрылі пяцёрку лідараў канкурсанты з Раклевіцкага дома культуры. Усе яны атрымалі ад арганізатараў дыпломы і памятныя падарункі.

Мікіта Кандратовіч падзякаваў усім за актыўны ўдзел і ўручыў узнагароды пераможцам.

– Дзякуй вам за актыўную падтрымку чэленджу, – звярнуўся ён да прысутных. – Сваімі пастамі ў сацыяльных сетках вы дапамаглі ратаўнікам у правядзенні прафілактычнай работы, зацікавілі людзей, звярнулі ўвагу на праблему, паказалі нам, прафесіяналам, новыя ідэі для работы з насельніцтвам.

Пераможцы анлайн-чэленджу падзяліліся сваімі ўражаннямі ад конкурсу.

Паліна Палуносік:

– Ідэю далучыцца да чэленджу падала мне мама і дапамагла яе рэалізаваць. Было вельмі цікава і проста, бо я люблю фатаграфавацца. Парадавала, што нашы пасты атрымалі вялікі водгук ад людзей і што наша работа стала лепшай. Калі будзе магчымасць, абавязкова паўдзельнічаю ў новых конкурсах.

Ксенія Радзько:

– Я вучуся ў школе № 1 горада Дзятлава і найчасцей прымаю ўдзел у школьных мерапрыемствах, напрыклад, прадметных алімпіядах. Але і ў творчым конкурсе паўдзельнічала з радасцю: гэта было не складана і прынесла добрыя эмоцыі. Удвая прыемна не толькі збіраць “лайкі”, але і атрымліваць прызы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: