У арганізацыях Дзятлаўшчыны з 8 па 14 лістапада пройдзе “Тыдзень нулявога траўматызму”, прымеркаваны да абласнога Дня аховы працы 14 лістапада з адзінай павесткай “Культура вытворчасці, высокі ўзровень працоўнай і вытворчай дысцыпліны як аснова бяспекі працы, паспяховага эканамічнага росту (развіцця) арганізацыі”.
Беларусь мае намер прытрымлівацца канцэпцыі “нулявога траўматызму” ў сферы аховы працы – “Vision Zero”. Яна распрацавана міжнароднай асацыяцыяй сацыяльнага забеспячэння. У яе аснову пакладзена прызнанне таго, што няшчасныя выпадкі на вытворчасці і прафесійныя захворванні не з’яўляюцца непазбежнымі – у іх заўсёды ёсць прычыны. А таму развіццё эфектыўнай культуры прафілактыкі дазваляе іх ліквідаваць.
Канцэпцыя нулявога траўматызму – гэта сем правілаў, якія разбітыя на асноўныя напрамкі: бяспека, гігіена працы і дабрабыт работніка на ўсіх узроўнях вытворчасці.
1. Стаць лідарам, паказаць прыхільнасць прынцыпам
Паводзіны кіраўніка маюць вырашальнае значэнне для поспеху або няўдачы ў развіцці аховы працы на прадпрыемстве. Кіраўнік устанаўлівае правілы і сам іх прытрымліваецца, забяспечвае разуменне гэтых правілаў і выкананне іх усімі работнікамі прадпрыемства. Любое парушэнне патрабуе неадкладнай рэакцыі!
2. Выяўляць пагрозы, кантраляваць рызыкі
Ацэнка рызыкі з’яўляецца важным інструментам, які дазваляе своечасова і сістэматычна выяўляць небяспеку, а таксама прымаць папераджальныя меры, праводзіць практычны інструктаж работнікаў прадпрыемства.
3. Вызначаць мэты, распрацоўваць праграмы
Як толькі вашы работнікі зразумеюць, што вас асабіста турбуе іх бяспека і здароўе і што на прадпрыемстве робяцца пэўныя крокі ў гэтым кірунку, поспех не прымусіць сябе чакаць.
4. Стварыць сістэму высокага ўзроўню арганізацыі
Маючы арганізаваную сістэму аховы працы, любое прадпрыемства працуе без збояў, паколькі памяншаецца колькасць няспраўнасцяў, прастояў і праблем з якасцю прадукцыі.
5. Арганізаваць бяспеку і гігіену працы на працоўных месцах пры працы са станкамі і абсталяваннем
Вельмі важна, каб станкі, памяшканні, абсталяванне і працоўныя месцы адпавядалі патрабаванням дзеючых стандартаў па ахове працы, а таксама выключыць або мінімізаваць шкоднае ўздзеянне на здароўе работнікаў.
6. Павышаць кваліфікацыю, развіваць прафесійныя навыкі
Інвесціруйце ў навучанне і прафесійную падрыхтоўку сваіх работнікаў і сачыце за тым, каб кваліфікацыя кожнага з іх адпавядала займаемай пасадзе.
7. Інвесціраваць у кадры, матываваць шляхам удзелу
Заахвочванне супрацоўнікаў да захавання правілаў тэхнікі бяспекі з’яўляецца адным з галоўных абавязкаў кіраўніка. Прадпрыемствы, якія клапоцяцца пра работнікаў і актыўна ўключаюць іх у працэс аховы працы, атрымліваюць магчымасць максімальна выкарыстоўваць важны актыў – веды, здольнасці і ідэі работнікаў. Мэта заключаецца ў тым, каб кожны з работнікаў клапаціўся аб сабе, роўна як і аб сваіх калегах.
Святлана ЛАТУШКА,
галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga