Рэалізацыя Дэкрэта № 18. За што дзеці “дзякуй” не скажуць?

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18.

Разгледжаны вынікі сацыяльнага расследавання ў сям’і, дзе гадуецца дзіця-інвалід, таксама прааналізавана выкананне двух раней прынятых рашэнняў аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы, работа з сем’ямі прадаўжаецца, у камісію па справах непаўналетніх райвыканкама для разгляду накіраваны дакументы на прызнанне чатырох дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Змена адраса не вырашае праблемы

На пачатку верасня ў наш раён прыехала жанчына з сынам-інвалідам, прызнаным па ранейшым месцы жыхарства ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Службы прафілактыкі Дзятлаўшчыны адразу ж узялі навасёлаў на кантроль, а школа правяла сацыяльнае расследаванне па новым адрасе сям’і.

Як высветлілася, жанчына “спынілася” ў адной з вёсак нашага раёна ў сужыцеля, з якім у далейшым спадзяецца заключыць шлюб. Жыллёвыя ўмовы мужчыны здавальняючыя, аднак ёсць шэраг недахопаў па захаванні правілаў супрацьпажарнай бяспекі, якія гаспадар павінен ухіліць у бліжэйшы час. Пры наведванні таксама адсутнічаў запас харчовых прадуктаў і дроваў, нягледзячы на паніжэнне тэмпературы, у дзіцяці не было сезоннага адзення. Маці хлопчыка-інваліда не працуе: яна ажыццяўляе за ім догляд. Здараецца, жанчына дазваляе сабе “расслабіцца”, за што і была пастаўлена на ўлік да доктара-нарколага па ранейшым месцы жыхарства. Мужчына афіцыйна беспрацоўны, хаця сцвярджае, што ў сезон мае пастаянны заробак. Ён расказаў, што ўжо заказаў дровы, ухіляе выяўленыя недахопы, прыводзіць дом у парадак.

Здавалася б, жыццё сям’і на новым месцы наладжваецца, але спецыялістаў насцярожыў той факт, што жанчына была заклікана і не з’явілася на пасяджэнне савета прафілактыкі. Калі з ёю звязаліся па тэлефоне, патлумачыла, што знаходзіцца па ранейшым месцы жыхарства.

Гэту ж інфармацыю яна агучыла на пасяджэнні каардынацыйнага савета, расказала, што выязджала, каб паспрабаваць уладкаваць сына ў спецыялізаваную школу-інтэрнат, дзе ён прадоўжыць навучанне, а дахаты будзе прыязджаць на канікулы.

Жанчыну папярэдзілі, што хлопчык застанецца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, таму раённыя службы прафілактыкі пільна будуць сачыць і за яго лёсам, і за яе паводзінамі, і за іх адносінамі з сужыцелем. Пры пагаршэнні сітуацыі ў сям’і будуць прыняты адпаведныя меры, аж да прызнання дзіцяці маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Прамяняла дзяцей на гарэлку

З-за паводзінаў маці сур’ёзна абвастрылася сітуацыя ў сям’і, дзе гадуюцца чацвёра дзяцей. Службы прафілактыкі працуюць з гэтай сацыяльна ненадзейнай сям’ёй больш за 10 гадоў, раней непаўналетнія двойчы прызнаваліся маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, на жаль, цяпер траім сынам і дачцэ пагражае трэцяе адабранне, пасля якога дарослыя хутчэй за ўсё будуць пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

Паўмесяца таму паступіла паведамленне, што цяперашні муж жанчыны выехаў на малую радзіму, бо жонка сустракаецца з іншым мужчынам, злоўжывае алкаголем, не клапоціцца пра дзяцей, не начуе дома. Замяніць непаўналетнім маці давялося бабулі, якой за 80 гадоў, і спраўляцца з бытавымі клопатамі пажылой жанчыне складана. “Не адгукнуліся” на прапанову забраць старэйшых сына і дачку іх юрыдычныя бацькі. Калі ў хлопчыка бацька нідзе не працуе і вядзе асацыяльны лад жыцця, то ў дзяўчынкі – характарызуецца станоўча, але раней не змог наладзіць адносінаў з дачкой. На пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама мужчына прыехаў. Калі спатрэбіцца, ён згодны забраць дзяўчынку. Праўда, сама непаўналетняя не мае жадання расставацца з малодшымі братамі і выказала гатоўнасць наглядаць за імі ў сацыяльным прытулку, калі такая сітуацыя стане непазбежнай.

Што тычыцца старэйшага сына, то ён ужо навучэнец каледжа, але засяліцца ў інтэрнат і наладзіць жыццё на новым месцы хлопцу дапамагалі не родныя, а бацькі былога аднакласніка.

Нягледзячы на выпрабаванні лёсу, дзеці спрабуюць планаваць сваю будучыню, чаго не скажаш пра іх маці. Жанчыну неаднаразова папярэджвалі, да чаго могуць прывесці яе адносіны з чужым мужчынам. Новы абраннік характарызуецца выключна адмоўна: ён беспрацоўны, злоўжывае спіртным, санітарны стан яго дома нездавальняючы нават для дарослага чалавека, не кажучы пра непаўналетніх. Ды і сама жанчына, трапіўшы пад дрэнны ўплыў “каханага”, перастала выходзіць на работу.

Прааналізаваўшы сітуацыю, члены каардынацыйнага савета райвыканкама прынялі рашэнне – накіраваць для разгляду ў камісію па справах непаўналетніх дакументы на прызнанне дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Не згубіць апошні шанц

Такую параду далі члены каардынацыйнага савета райвыканкама бацьку, які знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў і адзін гадуе дачку, 2020 года нараджэння, пакуль маці непаўналетняй праходзіць курс рэабілітацыі ў лячэбна-працоўным прафілакторыі.

Па месцы жыхарства сям’і з ранейшых часоў сфарміравалася значная запазычанасць за газ і электраэнергію, аплаціць якую мужчына не здольны з-за недахопу фінансавых сродкаў. Пазыка расце, менавіта гэта, як сцвярджае гаспадар, падштурхнула яго “зняць стрэс” з дапамогай спіртнога. Аднак, ужываючы алкаголь, бацька падвяргаў рызыцы жыццё і здароўе сваёй маленькай дачкі. З-за гэтага дзяўчынку змясцілі ў бальніцу, а мужчыну выклікалі на пасяджэнне каардынацыйнага савета. На ім разам са спецыялістамі службаў прафілактыкі былі разгледжаны варыянты далейшага пагашэння запазычанасці, таксама бацька дзіцяці папярэджаны аб недапушчэнні новых фактаў ужывання алкаголю. Калі мужчына не выкарыстае свой шанц, дзяўчынку могуць прызнаць маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына ЗАБЕЛІНА,
памочнік пракурора Дзятлаўскага раёна
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі