Хто лепшы за шашачнай дошкай?

Важнае Спорт і турызм

На Дзятлаўшчыне прайшло асабістае першынство раёна па шашках сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Хто лепшы за шашачнай дошкай, высвятлялі 10 наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна. Спаборніцтвы для іх арганізаваў фізкультурна-спартыўны клуб.

Пад кіраўніцтвам інструктара-метадыста ФСК і галоўнага суддзі першынства Аляксандра Белавуса асаблівыя людзі прайшлі жараб’ёўку.

Спачатку ў групавых баталіях шашысты высвятлялі мацнейшых ігракоў, затым паміж імі пачалося змаганне за прызавыя месцы. Варта зазначыць, што, нягледзячы на напружанасць барацьбы, паспяховыя гульцы пасля ўдалага ходу неаднаразова чулі ад сваіх сапернікаў слова “малайчына!”. І не дзіўна, бо першынство сабрала на адной пляцоўцы добрых сяброў, здольных падбадзёрваць і падтрымліваць адзін аднаго, што неаднойчы было даказана ў паўсядзённым жыцці. Таму і віншаванні пераможцам ад сяброў па аддзяленні гучалі самыя шчырыя.

Заслужаныя ўзнагароды лепшым шашыстам уручыў Аляксандр Белавус. Дыплом за трэцяе месца раённага фізкультурна-спартыўнага клуба дастаўся Аляксандру Калодку. Дыпломам другой ступені адзначана Таццяна Валчкевіч, якая раней неаднаразова перамагала ў падобных спаборніцтвах. На гэты раз удача паспрыяла не менш моцнай шашыстцы Іуліаніі Шах: менавіта яна стала раённай пераможцай сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі і ўладальніцай дыплома першай ступені.

Для ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў фізкультурна-спартыўным клубам было арганізавана харчаванне, а на памяць аб цікавай сустрэчы застанецца агульны фотаздымак.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga