Сёлета свой 80-гадовы юбілей сустрэла наша зямлячка з вёскі Накрышкі, працавітая жанчына Алена Яраш.
З нагоды юбілейнага дня нараджэння з песеннымі і музычнымі падарункамі ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” да Алены Аляксееўны завіталі работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Марына Варган.
Прымаючы цёплыя пажаданні ад артыстаў, слухаючы жывыя гукі баяна, імянінніца ўзгадала, што ў часы сваёй маладосці і яна любіла спяваць і танцаваць. Вясковая моладзь збіралася разам у Хвінявіцкім клубе, “распраўляў крылы” гармонік, і пары пачыналі кружыць у лёгкім танцы. Частымі гасцямі такіх моладзевых вячорак былі салдаты, але замуж Алена выйшла не за вайскоўца.
З будучым мужам дзяўчына пазнаёмілася ў родных Накрышках, дзе ў свой час працаваў участак леспрамгаса, ішла актыўная нарыхтоўка драўніны. Хлопец прыехаў сюды на заробкі з Магілёўшчыны, а сустрэўшы другую палавінку, так і застаўся на дзятлаўскай зямлі.
На жаль, побач з Аленай Аляксееўнай ужо няма роднага чалавека, але разам яны выгадавалі трох дачок. Ларыса цяпер жыве ў Магілёве, працуе поварам, Таня – у Хвінявічах, яе месца работы – санаторый “Радон”, засталіся жыць з матуляй і працаваць у мясцовай гаспадарцы дачка Алена і ўнук Дзмітрый.
Сама юбілярка ўсё жыццё адпрацавала ў калгасе на розных участках: пачынала паляводам, была жывёлаводам і даяркай, нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак, пакуль дазваляла здароўе, Алена Яраш прадаўжала работу.
– Уся мая адукацыя – гэта сем класаў мясцовай школы, – дзеліцца фактамі біяграфіі імянінніца. – Нарадзілася я на пачатку Вялікай Айчыннай вайны, тату забралі на фронт, і ён загінуў, матуля гадавала мяне адна, замуж больш не выйшла. Ва ўсім я старалася яе падтрымліваць, бо маме было цяжка адной, таму пасля школы адразу ўладкавалася працаваць.
Жыццё не песціла Алену Яраш, год за годам праходзілі ў рабоце. Адпачываць ад яе і гартаваць сілы для новага дня Алена Аляксееўна любіла за рукадзеллем. Яна цудоўна навучылася вышываць гладдзю. З-пад “чароўнай” іголачкі майстрыхі выйшаў не адзін вышываны ручнік, навалачка, прасціна. Дзякуючы стараннасці і ўседлівасці рукадзельніцы, на белым палатне “зацвіталі” яркія рознакаляровыя кветкі – так майстрыха прыгожа расквечвала сваё буднічнае жыццё вышыўкай. Многія работы Алена Яраш і сёння беражліва захоўвае ў шафе.
Дарэчы, сваё “спакойнае” захапленне, якое прыводзіць у парадак думкі, адганяе самоту і стому, майстрыха Алена і лічыць асабістым сакрэтам даўгалецця.
Сучаснай моладзі юбілярка таксама раіць не траціць час марна ў мабільных тэлефонах, а знайсці для сябе карыснае захапленне і з яго дапамогай упрыгожваць жыццё і мяняць яго да лепшага.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga