Верасень паклікаў за парты (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Урачыстыя прыгатаванні, кветкі, усмешкі, святочнае хваляванне – усё гэта неад’емныя прыкметы Дня ведаў.

На Дзятлаўшчыне 1 верасня школьны званок празвінеў для 2292 навучэнцаў раёна, 218 з якіх упершыню селі за парты.

Са святам ведаў маладых дзятлаўчан па добрай традыцыі віншавала кіраўніцтва раёна. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, дырэктар ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Сяргей Дурко, благачынны цэркваў дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель прынялі ўдзел ва ўрачыстай лінейцы, якая праходзіла ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава.

Гасцей вітаў дырэктар установы Іван Кібінь. Ён адзначыў, што трэцяй школе сёлета ёсць чым ганарыцца: 67 % выпускнікоў паступілі ў ВНУ, стабальнікам на цэнтралізаваным тэсціраванні стаў Артур Анапрыенка. У новым навучальным годзе – Годзе народнага адзінства – да дружнай школьнай сям’і тут далучаюцца і прымаюць пажаданні 52 першакласнікі на чале з педагогамі Наталляй Варган і Раісай Голуб. Для іх і іншых прысутных свята адкрылі гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, права ўзняць Дзяржаўны сцяг было прадастаўлена выдатніку вучобы, пераможцу рэспубліканскага адукацыйнага марафону “Ліга ведаў” Аляксандру Якаўчыку і прызёрцы абласной канферэнцыі навукова-даследчых работ “Крыштальная альфа” Юліі Ступчык.

З Днём ведаў удзельнікаў урачыстасці павіншаваў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі:

– Усе мы былі дзецьмі, таму 1 верасня ў кожнага выклікае пачуццё настальгіі аб самых светлых і запамінальных школьных гадах. Тым, хто цяпер крочыць па краіне ведаў, я жадаю ўпэўнена рухацца да пастаўленых мэтаў, дасягаць новых адкрыццяў і перамог, заўсёды разлічваючы на падтрымку нас, дарослых.

Асаблівыя словы ўдзячнасці Андрэй Садоўскі адрасаваў педагогам трэцяй школы, якія летась на высокім узроўні арганізавалі навучальны працэс, дзякуючы чаму іх вучні былі паспяховыя ў навуковых, творчых, спартыўных конкурсах, а выпускнікі займелі высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні. Старшыня райвыканкама адзначыў дастойную падрыхтоўку школы да новага навучальнага года, шчыра павіншаваў прысутных са святам і ўручыў дырэктару навучальнай установы сертыфікат на 3 тысячы рублёў для далейшага ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы школы.

Да віншаванняў кіраўніка раёна далучыліся іншыя госці. Цікавыя творчыя нумары з вершамі і песнямі пра сяброўства, Радзіму, планы на будучае для прысутных падрыхтавалі вучні. У час аднаго з выступленняў, як маленькія сімвалы адзінства, з рук школьнікаў і дырэктара ў неба ўзняліся паветраныя шары ў колерах нацыянальнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Ва ўрачыстай абстаноўцы навучэнцам, якія дасягнулі поспехаў у вучобе і грамадскай дзейнасці былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды, у тым ліку ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Па добрай традыцыі адзінаццікласнікі пажадалі першакласнікам шчаслівага падарожжа па краіне ведаў і перадалі ім падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі – кнігі “Мая Радзіма – Беларусь”.

Адметна, што сярод класаў-удзельнікаў урачыстай лінейкі былі тыя, хто замест кветак трымаў сцяжкі. Гэта ўдзельнікі штогадовай дабрачыннай акцыі “Букет дабра” ад фонду “Шанс”. Школьнікі далучыліся да дабрачыннай кампаніі па матэрыяльнай падтрымцы сваіх равеснікаў, хворых на анкагемалагічныя захворванні. Грошы, якія навучэнцы маглі б 1 верасня патраціць на кветкі, яны накіравалі на дабрачынны рахунак фонду “Шанс”.

Ганаровае права даць сёлетні першы званок было прадастаўлена адзінаццацікласніку Мікіту Калашнікаву і першакласніцы Вікторыі Журко. Дзеці накіраваліся на першы ў гэтым навучальным годзе ўрок па тэме “У адзінстве беларускага народа – аснова незалежнай краіны”, прысвечаны Году народнага адзінства. Падобныя заняткі 1 верасня прайшлі ва ўсіх школах Беларусі. У час іх педагогі нагадалі юным грамадзянам пра маральныя каштоўнасці беларусаў, любоў да Бацькаўшчыны, дачыненне да гісторыі сваёй краіны, адзінства беларускага народа, сувязь пакаленняў, неабходнасць захавання і папулярызацыі традыцый, спадчыны і гістарычнай памяці беларускага народа.

 

Завіталі ў класы і госці свята: у суправаджэнні дырэктара Івана Кібіня і начальніка аддзела адукацыі Наталлі Белаус кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі прайшоўся па адноўленай школе, пабыў у музеі, піянерскім пакоі, актавай зале, сталоўцы, зазірнуў да першакласнікаў і выпускнікоў. Дзеці і іх педагогі з задавальненнем дзяліліся з гасцямі сваімі ідэямі і задумкамі на новы навучальны год, а дырэктар падкрэсліў, што рамонт школы прадаўжаецца і пасля яго заканчэння ўстанова стане яшчэ больш утульнай, прывабнай і бяспечнай.

Гімназія № 1 горада Дзятлава

Сярэдняя школа № 1 горада Дзятлава

Дварэцкая сярэдняя школа

Казлоўшчынская сярэдняя школа

Жукоўшчынскі дзіцячы сад-базавая школа

Гезгалаўская сярэдняя школа

Вензавецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа

Новаяльнянская сярэдняя школа

Раклевіцкі дзіцячы сад-базавая школа

Хвінявіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа

Круцілавіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа

Ірына СТЫРНІК
Вольга ЮШКЕВІЧ
Наталля  АВЯРЧУК
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ