Наколькі сур’ёзна падрыхтаваліся да зімы

Важнае Свежыя навіны Улада

На парадак дня пасяджэння раённага выканаўчага камітэта былі вынесены пытанні аб падрыхтоўцы суб’ектаў гаспадарання раёна да працы ў асенне-зімовы перыяд і аб рабоце суб’ектаў прафілактыкі раёна па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці, сацыяльнай і працоўнай адаптацыі асобаў, якія маюць судзімасць.

– Пытанні падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона знаходзіліся на пастаянным кантролі раённага выканаўчага камітэта, – распачаў пасяджэнне намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Жыдко. – Яшчэ ў маі былі зацверджаны і даведзены да суб’ектаў гаспадарання графікі рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці ведамасных цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі. У цэлым арганізацыямі раёна забяспечана выкананне арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў. Асабліва хачу адзначыць жыллёва-камунальную гаспадарку, раёны газазабеспячэння і электрычных сетак, якія выканалі сёлета ўсе падрыхтоўчыя работы на моцную “дзясятку”.

Як адзначыў у сваім выступленні намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Васіль Мудры, жыллёва-камунальнай гаспадаркай да пачатку ацяпляльнага сезона ў поўным аб’ёме выкананы прафілактычны рамонт кацельнага абсталявання (18 адзінак) на ўсіх падведамасных кацельнях. Праведзена праверка, устаноўка і наладка прыбораў уліку цяпла і газу, ачыстка ўнутраных паверхняў 7 катлоў, 1 бойлера. Выкананы заданні па падрыхтоўцы аб’ектаў водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і жыллёвага фонду.

Па стане на 20 верасня праведзена прафілактычнае абслугоўванне 130 кіламетраў водаправодных сетак, прамыванне 7,1 кіламетра, часткова, дзе неабходна, яны перакладзены нанова. Ажыццёўлены прафілактычны агляд і абслугоўванне 54 артэзіянскіх свідравін, адрамантаваны водаразборныя калонкі, пажарныя гідранты. Праведзена значная работа па абслугоўванні сетак і збудаванняў каналізацыі.

Што датычыцца жыллёвага фонду, які знаходзіцца на абслугоўванні РУП ЖКГ, выкананы прафілактычны рамонт і апрасоўка сістэм ацяплення ў 86 жылых дамах, 77 цеплавых пунктаў (вузлоў). Завершана прамыванне сістэм ацяплення ў 14 жылых дамах, у 29 адрамантавана электрычнае абсталяванне.

Адрамантаваны 1,2 тысячы квадратных метраў дахаў жылых дамоў, 32 балкона (лоджыі), завершаны работы па шкленні месцаў агульнага карыстання.

Згодна з заданнем па нарыхтоўцы мясцовых відаў паліва на ацяпляльны перыяд 2021-2022 года РУП ЖКГ па стане на 21 верасня нарыхтавана 8,0 тысяч кубічных метраў дроў і 5,2 – драўнянай шчапы. Нарыхтоўка мясцовых відаў паліва працягваецца.

Дзятлаўскім РУП ЖКГ ва ўстаноўлены тэрмін падпісаны ўсе пашпарты гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і ўсе пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц. Прадпрыемства гатова ў поўным аб’ёме да пачатку ацяпляльнага сезона.

Дзятлаўскім раёнам электрычных сетак у мэтах забеспячэння ўстойлівай і безаварыйнай працы энергасістэмы раёна ў зімовы перыяд праведзены капітальны рамонт і рэканструкцыя паветраных ліній, 26 трансфарматарных падстанцый, расчышчаны прасекі каля паветраных ліній 10 кВ, ажыццёўлена высечка небяспечных дрэў, прылеглых да прасекаў паветраных ліній на плошчы 7,6 гектара. Рэгістрацыя і атрыманне пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і пашпартоў гатоўнасці спажыўца цеплавой энергіі праведзены ва ўстаноўлены тэрмін. Наконт пашпартоў гатоўнасці тое ж можна сказаць і пра Дзятлаўскі раён газазабеспячэння. Таксама газавай службай заменена газавае абсталяванне сістэмы газазабеспячэння, якая знаходзіцца ў эксплуатацыі больш за 20 гадоў у вёсцы Страла. Праведзены комплекснае прыборнае абследаванне падземных газаправодаў працягласцю 88 кіламетраў, замена 658 адзінак састарэлага бытавога абсталявання ў спажыўцоў, тэхнічнае абслугоўванне 2449 адзінак бытавога газавага абсталявання ў насельніцтва.

На аб’ектах прамысловасці Дзятлаўскага раёна 6 ведамасных кацельняў, на якіх праведзены наладачныя работы па падрыхтоўцы іх абсталявання да ацяпляльнага сезона.

Несвоечасова вырашаліся пытанні па падрыхтоўцы аб’ектаў да асенне-зімовага перыяду Дзятлаўскім філіялам Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, Дзятлаўскім камбінатам бытавога абслугоўвання. У сувязі з гэтым былі парушаны тэрміны атрымання пашпартоў гатоўнасці. Нездавальняюча была арганізавана работа ў КСУП “Дварэц-Агра”, дзе пытанням падрыхтоўкі не надавалі ніякай увагі або ставіліся да іх павярхоўна. Па рашэнні райвыканкама адказныя асобы гэтых арганізацый прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Усяго па стане на 24 верасня ў Дзятлаўскім раёне было зарэгістравана 105 пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі са 106 або 99,06 % (не зарэгістраваны адзін пашпарт гатоўнасці Дзятлаўскага райспажыўтаварыства) і 45 пашпартоў гатоўнасці ведамасных цеплакрыніц з 45 (100 %).

Раённаму спажывецкаму таварыству была пастаўлена задача прыняць аператыўныя меры па ліквідацыі наяўных недахопаў і ў тэрмін да 30 верасня атрымаць пашпарт гатоўнасці.

Аб рабоце суб’ектаў прафілактыкі Дзятлаўскага раёна па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці, сацыяльнай і працоўнай адаптацыі асобаў, якія маюць судзімасць, трымаў справаздачу начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль.

Аляксандр Францавіч адзначыў, што па стане на 1 верасня бягучага года на тэрыторыі раёна ў параўнанні з мінулым нязначна павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых асобамі з нязнятай і непагашанай судзімасцю (з 44 да 45), іх удзельная вага ў агульнай злачыннасці па завершаных крымінальных справах павялічылася з 44,4 % да 48,4 %. Пры гэтым з 45 злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі, 30 здзейснена непрацуючымі. Рост злачынстваў адбыўся на тэрыторыі Жукоўшчынскага (з 3 да 8), Дзятлаўскага (з 2 да 5) сельсаветаў, горада Дзятлава (з 13 да 16).

Даведкава: усяго на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама зарэгістраваны 217 асобаў, пры гэтым 79 значацца як непрацуючыя.

Для стрымлівання росту рэцыдыўнай злачыннасці праводзяцца комплексныя адпрацоўкі сельсаветаў і горада з абавязковым удзелам у іх міліцыянераў, сумесна з іншымі суб’ектамі прафілактыкі правяраюцца па месцы жыхарства і працы асобы, якія стаяць на ўліках у крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Праводзяцца пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку з запрашэннем на іх паднаглядных грамадзян. Немалаважную ролю пры адпрацоўцы населеных пунктаў займае праца назіральных камісій.

На тэрыторыі раёна нязначна павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення (з 25 у 2020 годзе да 29 у 2021 годзе). У ЛПП сёлета ізаляваны 23 дзятлаўчаніны, з іх 9 – раней судзімыя. Адметна, што цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у бягучым годзе не было.

Аляксандр Францавіч завастрыў увагу прысутных на тым, што большасць рэцыдыўных злачынстваў – гэта крадзяжы. Яны былі ўчынены з-за нядбайнага стаўлення грамадзян да захаванасці асабістай маёмасці ў нежылых дамах і дамах, якія выкарыстоўваюцца пад дачы. А “галоўныя героі” гэтых злачынстваў – людзі, якія нядаўна вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, дзе не зрабілі належных высноў для сябе, таму не змаглі адаптавацца да нармальнага жыцця, стаць на шлях выпраўлення.

Цікавая аналітыка: праведзены аналіз паказаў, што большасць рэцыдыўных злачынстваў маёмаснага характару здзяйсняецца пераважна ў дзённы, працоўны час, а злачынствы супраць правасуддзя, узбуджаныя па ініцыятыве крымінальна-выканаўчай інспекцыі, – у начны час. Па днях тыдня можна адзначыць, што найбольшая колькасць злачынстваў учынена ў аўторак.

Сёлета злачынстваў у святочныя дні (Новы год, Каляды, 8 Сакавіка) не дапушчана. Гэта звязана ў першую чаргу з павелічэннем шчыльнасці нарадаў, накіраваных на ўзмацненне мераў па забеспячэнні грамадскага парадку, а таксама ўзмоцненымі праверкамі паднагляднага кантынгенту.

Варта адзначыць, што ў бягучым годзе павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых жанчынамі.

Для стрымлівання росту рэцыдыўнай злачыннасці аддзелам унутраных спраў райвыканкама сумесна з зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі прымаюцца меры прафілактычнага, выхаваўчага і прэвентыўнага характару, якія дазваляюць своечасова рэагаваць на змены аператыўнай абстаноўкі. Адным з суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў з’яўляюцца саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку.

Пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку праводзяцца штомесяц і па меры неабходнасці. На іх запрашаюцца грамадзяне, вызваленыя з установаў крымінальна-выканаўчай сістэмы, дзе з імі праводзяцца гутаркі прафілактычнай накіраванасці, пры неабходнасці, аказваецца дапамога ў працаўладкаванні. Са станоўчага боку начальнік аддзела ўнутраных спраў адзначыў арганізацыю работы ў гэтым кірунку савета грамадскага пункта аховы правапарадку Вензавецкага сельскага выканаўчага камітэта.

– Дадам, што наша задача – людзей, схільных да парушэння закону, злоўжывання алкаголем, прымусіць працаваць, каб у іх былі сродкі на жыццё, інакш яны прыйдуць у нашы дамы, каб красці, – падрахункаваў сваё выступленне Аляксандр Біль.

Узорная арганізацыя Гродзенскай вобласці па ахове працы

Завяршылася пасяджэнне райвыканкама на прыемнай ноце. Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Жыдко ўручыў начальніку Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення “Слонімгаз” Юрыю Ганчару Дыплом Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта за 3-е месца з прысваеннем звання “Узорная арганізацыя Гродзенскай вобласці па ахове працы” па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2020 годзе.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: