З Адзінага дня інфармавання. Размова на актуальныя тэмы

Важнае Улада

У раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва па тэмах: “Ключавыя аспекты “Вялікай размовы з Прэзідэнтам”, “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці за першае паўгоддзе 2021 года”, “Прафілактыка дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх”.

Працавала некалькі інфармацыйных груп, якія правялі сустрэчы з працоўнымі калектывамі раёна і грамадзянамі па месцы жыхарства.

Інфармацыйная прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага наведала калектыў Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў.

Аб сацыяльна-эканамічным развіцці нашага раёна ў першым паўгоддзі 2021 года расказала галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Алена Юшкевіч.

Сярод іншага дакладчык адзначыла выкананне Дзяржаўнай праграмы “Рынак працы і садзейнічанне занятасці”, у межах якой была аказана дапамога ў працаўладкаванні 198 грамадзянам, зменшылася колькасць зарэгістраваных беспрацоўных грамадзян.

Андрэй Садоўскі расказаў прысутным аб актуальным становішчы спраў у Дзятлаўскім раёне. Завяршаецца жніво, у некаторых гаспадарках ужо пачалася пасяўная.

– Аднак не варта забываць пра тое, што наш раён найперш прамысловы, і ад таго, як спрацуюць прадпрыемствы, залежыць выкананне гадавых эканамічных паказчыкаў. Задача сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – забяспечыць прамысловасць сыравінай для перапрацоўкі, – адзначыў кіраўнік раёна.

У сваім выступленні начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова спынілася на ключавых момантах “Вялікай размовы з Прэзідэнтам”, сярод якіх – тэма нацыянальнага адзінства, унутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі, нацыянальная эканоміка, сітуацыя з COVID-19, супрацоўніцтва з братняй Расіяй, санкцыйная палітыка супраць нашай краіны, міжнародная абстаноўка і прыняцце новай Канстытуцыі.

– На просьбу прадказаць сцэнарый развіцця краіны ў будучым кіраўнік дзяржавы адказаў, што гэта вельмі сур’ёзнае пытанне. Ён адзначыў, што стратэгія развіцця краіны ў сацыяльна-эканамічнай, палітычнай, ваеннай сферы была вызначана на Усебеларускім народным сходзе. “Як чалавек я хачу, каб было ціха, спакойна. Каб нарадзіўшы адно дзіця, вы нарадзілі і другое, траіх дзетак, і вы былі рады. Каб вы маглі спакойна выгадаваць дзяцей. А гэты спакой можа быць толькі тады, калі ёсць нармальная эканамічная аснова пад гэтым. Калі людзі маюць магчымасць працаваць, могуць зарабіць”. Прэзідэнт працытаваў словы з народа: “Калі ў Беларусі ты хочаш зарабіць, ты заробіш заўсёды”, – агучыла фрагменты “Размовы” Вольга Мікалаеўна.

 

Першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Уладзімір Святоха прывёў сумную статыстыку дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх. За сем месяцаў іх у Гродзенскай вобласці адбылося больш за дваццаць. Удзельнікамі і вінаватымі ў многіх аказаліся школьнікі. Малалетнія дзеці траўмаваліся ў ДТЗ з-за бяспечнасці бацькоў, якія не паклапаціліся набыць аўтамабільныя крэслы і прышпіліць сваіх чадаў рамянямі бяспекі.

– Зменшыць дзіцячы траўматызм на дарогах могуць найперш самі бацькі, звяртаючы асаблівую ўвагу сваіх дзяцей на правілы бяспечных паводзінаў на вуліцы, – адзначыў спецыяліст.

Абласную інфармацыйную групу ўзначаліў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Лакіза. Яна сустрэлася з работнікамі Дзятлаўскага дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 119. У ходзе размовы ўзнікалі пытанні з залы, у тым ліку, пра будаўніцтва новага пажарнага дэпо ў Дзятлаве.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga