Штогод прадпрыемства адзначае лепшых дзяцей супрацоўнікаў, якія на працягу навучальнага года вызначыліся па паспяховасці, заваявалі прызавыя месцы ў спартыўных, творчых конкурсах і спаборніцтвах.
І гэта ўжо стала добрай традыцыяй адкрытага акцыянернага таварыства.
Так, сёлета на базе адпачынку “Прывал”, што каля Гродна, адбыўся ўрачысты канцэрт, прымеркаваны да Дня ведаў, у час якога генеральны дырэктар ААТ “Молочный Мир” Марына Анікеева ўручыла падарункі дзецям.
Марына Яўгенаўна не толькі падзякавала навучэнцам за выдатную вучобу і пажадала далейшых поспехаў, але і перадала ім дадатковыя грашовыя ўзнагароды, сумы якіх склалі ад 150 да 250 рублёў.
Удзел ва ўрачыстым канцэрце прымалі артысты мастацкай самадзейнасці прадпрыемства і самі дзеці, якія спявалі, гралі на гітары і цымбалах.
Таксама навучэнцы атрымалі шмат задавальнення і станоўчых эмоцый ад атракцыёнаў, канцэрта і той увагі, якая была ім аказана дарослымі.
Падрыхтавала да друку Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены ААТ “Молочный Мир”