Дварэц. Залатыя горы

Важнае Грамадства

У КСУП “Дварэц-Агра” жніво ідзе поўным ходам.

У аграгарадку на зернесушыльным комплексе КЗСВ-30 узвышаюцца залатыя горы збожжа новага ўраджаю, свежыя партыі “золата” з палёў падвозіць тэхніка.

Няма калі расслабляцца 12 студатрадаўцам, якія ў дзве змены працуюць сёлета на гэтым аб’екце, каб дапамагчы аграрыям высушыць намалот і сабраць ураджай у засекі.

– Студатрадаўцы прыступілі да справы 20 ліпеня і прадоўжаць у нас работу да 20 жніўня, – расказвае аграном КСУП “Дварэц-Агра”, а на час уборачнай кампаніі адказная па зернесушыльным комплексе аграгарадка Наталля Лагута. – Маладых памочнікаў бяром ужо не першы год, яны выдатна сябе зарэкамендавалі, многія працуюць у гаспадарцы чацвёрты сезон запар. Нашы студатрадаўцы старанныя, цярплівыя, дружныя. Адно задавальненне назіраць, як яны разам падмятаюць або шуфлююць зерне. Магчыма, хто-небудзь з юнакоў і дзяўчат, папрацаваўшы такой зладжанай вясёлай кампаніяй, у далейшым абярэ для сябе сельскую спецыяльнасць, такія прыклады ў нашай гаспадарцы сустракаліся. Праўда, кожны год сярод нашых маладых памочнікаў ёсць студэнты з іншых сфераў дзейнасці, і гэта не перашкаджае ім на канікулах заняцца пачэснай і карыснай справай, заадно зарабіць дадатковыя грошы.

“Старажылам” сярод маладых работнікаў з’яўляецца дачка Наталлі Васільеўны – Ксенія Лагута. Дзяўчына чацвёрты год запар працуе ў складзе мясцовага студатрада, сёлета – у якасці яго камандзіра.

– Чаму б не дапамагчы гаспадарцы, калі не любіш марна траціць час, нават на канікулах, – разважае Ксенія. – Тым больш, што работа наладжана ў дзве змены, гэта значыць, палова дня ў нас свабодная. Можна заняцца любімымі справамі ці адпачыць. Атрад наш дружны, маладыя работнікі разумеюць мяне з паўслова, ніхто не лянуецца, падтрымліваем адзін аднаго, бо знаёмы яшчэ са школы.

Сама Ксенія сёлета скончыла першы курс Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, дзе атрымлівае спецыяльнасць настаўніцы малодшых класаў. Лета ў студатрадзе дзяўчына лічыць выдатнай магчымасцю набыць першы працоўны вопыт, папрацаваць сярод сяброў і атрымаць дастойны заробак. Сваіх студатрадаўцаў Ксенія Лагута называе “працалюбівымі і адказнымі” і жадае ім заставацца такімі і надалей, каб быць паспяховымі ў надзённых справах і вучобе.

У 9 клас Дварэцкай сярэдняй школы сёлета перайшла Любоў Ляўшук, якая ўпершыню працуе ў студатрадзе. Запісацца сюды ёй прапанавалі сябры па навучальнай установе, падтрымалі такую ідэю і бацькі.

– Гэта магчымасць адчуць сябе дарослай, кожны дзень спяшацца на работу, старанна выконваць даручаныя заданні, – зазначае дзяўчына. – У атрадзе мне вельмі падабаецца, усіх нас цесна звязала агульная справа. Упэўнена, што працоўны семестр навучыць мяне быць больш самастойнай і адказнай. Тым больш, што тут ёсць на каго раўняцца. У нас цудоўны камандзір – Ксенія Лагута – як і яна, я мару ў далейшым паступіць на настаўніцу пачатковых класаў. Пакуль жа ў сваёй старэйшай сяброўкі магу многаму павучыцца і з гонарам адчуць, што разам мы робім важную справу – дапамагаем нашай гаспадарцы, нашай краіне расціць хлеб, памнажаць дабрабыт.

Ірына СТЫРНІК       

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: