Час добрых справаў

Важнае Грамадства

У Год народнага адзінства на Дзятлаўшчыне прадаўжаецца адна з самых народных акцый – “Збяром дзяцей у школу”.

Гэтым часам кожны чалавек можа дапамагчы дзецям з малабяспечаных, шматдзетных сем’яў і дзецям з абмежаванымі магчымасцямі падрыхтавацца да новага навучальнага года.

Валанцёры Таварыства Чырвонага Крыжа на працягу жніўня наведваюць гарадскі рынак і магазіны райцэнтра, дзе кожны пакупнік можа набыць школьныя рэчы і ахвяраваць іх дзецям. Актыўна далучаюцца да акцыі і самі гаспадары гандлёвых пунктаў, індывідуальныя прадпрымальнікі. Штогод акцыю падтрымліваюць магазіны “Санет”, “Алекс”, “Святлана”.

– Усім дзецям, незалежна ад узросту, дастатку ў сям’і, хочацца пачынаць новы навучальны год у прыгожай школьнай форме, з акуратным партфелем і поўным наборам канцылярскіх прыладаў. Хто як не мы, дарослыя, можам ім у гэтым дапамагчы? Нават робячы невялікі ўклад у скарбонку Чырвонага Крыжа, вы далучаецеся да агульнай справы. А кропля да кроплі – атрымаецца мора дабрыні, – агучыла ідэю акцыі старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк. – Усё, што мы збяром у час акцыі, атрымаюць у падарунак школьнікі нашага раёна, чыім сем’ям неабходна падтрымка.

Валанцёрамі Чырвонага Крыжа ў час акцыі выступаюць вучні школ райцэнтра, а далучыцца да яе можа кожны дзятлаўчанін. Для гэтага трэба патэлефанаваць у раённую арганізацыю Таварыства Чырвонага Крыжа па нумары 6-11-84.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: