Адбылося першае пасяджэнне творчай групы па зборы і сістэматызацыі матэрыялаў аб турыстычным патэнцыяле Дзятлаўскага раёна, якая была створана рашэннем раённага міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме пры Дзятлаўскім райвыканкаме 30 чэрвеня бягучага года.
У яе ўвайшлі найбольш актыўныя і неабыякавыя да гісторыі роднага краю мясцовыя краязнаўцы, настаўнікі школ і супрацоўнікі раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея і Цэнтра турызму дзяцей і моладзі.
Сустрэча пачалася з уступнага слова загадчыка сектара спорту i турызму Дзмітрыя Ёды, які пазначыў парадак дня: абмеркаванне мэтаў і задач дзейнасці творчай групы, а таксама інфармацыйна-рэкламных матэрыялаў, веласіпеднага маршруту, распрацоўкі экскурсій і неабходнасці актывізацыі экскурсійнай дзейнасці ўстановамі адукацыі.
У час пасяджэння ўдзельнікі групы абмяркоўвалі патэнцыяльныя спосабы зрабіць Дзятлаўшчыну больш цікавай для турыстаў.
Алена Радомская, настаўніца гісторыі дзятлаўскай гімназіі № 1, выказала ідэю аб правядзенні экскурсій па яўрэйскай спадчыне, магчымасці ўстаноўкі памятных таблічак на дамы, дзе калісьці жыла яўрэйская частка насельніцтва Дзятлава, і ўвядзенні ў меню мясцовых рэстаранаў яўрэйскіх страў. Міхаіл Лук’янчык, мясцовы краязнаўца, нагадаў аб важнасці распрацоўкі большай колькасці цікавых экскурсійных маршрутаў, якія прыцягнуць на Дзятлаўшчыну новых турыстаў – у тым ліку і гасцей з-за мяжы.
Асаблівую зацікаўленасць выклікала ідэя Марыі Шавель, намесніцы дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, якая прапанавала не толькі распрацаваць новыя экскурсійныя маршруты, але і дадаць у іх віртуальную частку, стварыўшы 3D-карту Дзятлаўскага раёна.
Ідэй было шмат: гэта і рэканструкцыя ўжо існуючых культурных аб’ектаў (такіх як замак Радзівіллаў), і стварэнне новых (напрыклад, помніка Канстанціну Астрожскаму), і многае іншае. У ходзе пасяджэння былі сабраны прапановы ад удзельнікаў творчай групы, якія ў далейшым будуць уключаны ў план работы па развіцці турыстычнага патэнцыялу Дзятлаўскага раёна.
Марыя ПАПОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga