Па добрай традыцыі ў час летніх канікулаў пад эгідай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” на Дзятлаўшчыне зноў дзейнічаюць моладзевыя працоўныя атрады.
Адзін з іх у складзе 21 навучэнца працуе на базе КСУП “Хвінявічы” на відавой праполцы зерневых культур.
Як расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, працоўная змена ў мясцовых студатрадаўцаў пачалася 17 чэрвеня і прадоўжыцца да 9 ліпеня. Аналагічны атрад, але ў складзе 7 чалавек, ужо завершыў сваю работу ў КСУП “Жукоўшчына”. Моладзевы лідар раёна выказала спадзяванне, што за працоўны семестр маладыя работнікі не толькі дапамогуць сельгаспрадпрыемствам раёна, але і атрымаюць станоўчыя ўражанні ад сумеснай працы.
– Студатрадаўцы дапамагаюць нам на відавой праполцы азімай пшаніцы ва ўрочышчы Аляксандравічы, – зазначыла юрысконсульт і выконваючая абавязкі галоўнага спецыяліста па ідэалагічнай рабоце КСУП “Хвінявічы” Ганна Федарэвіч. – Аб’ём работы там значны – 179 гектараў, штодзень маладыя працаўнікі ў сярэднім асільваюць па два гектары. Дзякуючы іх намаганням, мы спадзяёмся атрымаць больш якасны ўраджай, а для дзяцей гэта выдатная магчымасць зарабіць грошы.
Разам з юнакамі і дзяўчатамі свой першы вопыт работы на сельскагаспадарчай ніве атрымлівае трэцякурснік Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Антон Пачын, які праходзіць вытворчую практыку ў КСУП “Хвінявічы” памочнікам брыгадзіра.
– Галоўная мая задача – сачыць за якасцю выкананых студатрадаўцамі работ. Магу адзначыць, што хлопцы і дзяўчаты стараюцца. Праўда, спякотнае надвор’е ўнесла карэктывы ў наш графік: цяпер мы выходзім у поле не ў 9, а ў 7 гадзін раніцы, затое і дамоў маладыя работнікі вяртаюцца апоўдні, калі сонца яшчэ не вельмі “агрэсіўнае”. Для мяне такі вопыт вельмі пазнавальны, асабліва радуе, што мы ўжо сталі адным дружным калектывам.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся і некаторыя студатрадаўцы.
Уладзіслаў Сцепанчук, навучэнец Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:
– У студатрадзе працую другое лета запар і мне тут падабаецца. Работа “на каласках” не складаная, а вярнуцца дамоў мы паспяваем да спёкі. Лічу, што ўдзел у студатрадаўскім руху – гэта карысны вопыт для кожнага з нас. У полі заўсёды весела, бо побач – сябры. Заробленыя мінулым летам грошы я патраціў на ўласныя патрэбы, а сёлетні заробак збіраюся адкласці, каб прайсці навучанне і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Мяркую, што для кожнага з нас першы працоўны вопыт даволі важны: паспрабаваўшы сябе на розных участках работ, лягчэй вызначыцца з будучай прафесіяй, зразумець, што табе падабаецца, а што не.
Лізавета Цілігузава, навучэнка Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:
– Я таксама другі год запар удзельнічаю ў студатрадаўскім руху. Пра тое, што ў гаспадарцы сёлета чакалі маладых работнікаў, нам у школе расказала педагог-арганізатар – я адразу ж запісалася ў атрад. Работа тут простая, кампанія сабралася выдатная. Праўда, з першых дзён было цяжкавата прызвычайвацца да ранніх пад’ёмаў і фізічных нагрузак, але мы хутка “ўцягнуліся”. За леташні заробак я набыла сабе адзенне, сёлета збіраю грошы на ноўтбук. Працоўнае лета – цудоўная магчымасць атрымаць новы вопыт, правесці час з сябрамі, адчуць, што чакае цябе ў дарослым жыцці. Сябрам па атрадзе і ўсёй моладзі раёна я жадаю добра адпачыць за гэтыя сонечныя дні.
Тэкст і фота Ірыны СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga