Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Папярэджаны, значыць, узброены

Грамадства Свежыя навіны

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прынята рашэнне аб спыненні індывідуальнай прафілактычнай работы з юнаком, які дасягнуў паўналецця; узгоднена пытанне аб пераводзе навучэнкі з ліцэя ў каледж на аналагічную спецыяльнасць; разгледжаны некалькі пастановаў аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання.

Далей будзе вучыць само жыццё

Члены камісіі па справах непаўналетніх прынялі рашэнне аб спыненні індывідуальнай прафілактычнай работы з юнаком, які дасягнуў 18 гадоў. Варта зазначыць, што хлопец пастаянна стараўся ўхіліцца ад мерапрыемстваў комплекснай рэабілітацыйнай праграмы, якую распрацавалі для яго спецыялісты службаў прафілактыкі. Нярэдка, каб пазбегнуць чарговай прафілактычнай размовы, ён груба адказваў педагогам або псіхолагам. Свае паводзіны і негатыўнае стаўленне да спецыялістаў юнак тлумачыў кепскім настроем і надзённымі праблемамі.

На развітанне члены камісіі параілі маладому чалавеку быць больш абачлівым у сваіх учынках, каб схільнасць да супрацьпраўных паводзінаў не прывяла яго на лаву падсудных.

Вучыцца, але ў іншым горадзе

З такой просьбай у камісію па справах непаўналетніх райвыканкама звярнуліся навучэнка аднаго са слонімскіх ліцэяў і яе маці. Дзяўчына патлумачыла, што ёй падабаецца выбраная спецыяльнасць і першы курс яна скончыла паспяхова, аднак адносіны з педагогамі не вельмі ладзяцца, апошнім часам з’явіліся праблемы і з аднакурснікамі. Навучэнка выказала жаданне не губляць год вучобы і перавесціся на аналагічную спецыяльнасць у адзін з лідскіх каледжаў. Рашэнне дачкі падтрымала яе маці. Члены камісіі паабяцалі аказаць сям’і садзейнічанне ва ўзгадненні пераводу з новай навучальнай установай.

Навошта каштавалі, і самі не ведаюць

П’янымі на вуліцы райцэнтра міліцыя затрымала дваіх юнакоў. Як аказалася, хлопцы разам выпілі бутэльку піва, якую, як сцвярджаюць, знайшлі выпадкова. Безумоўна, у тое, што закаркаванае піва можна проста знайсці, члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама не паверылі. Аднак падлеткі прызналі сваю віну, пакаяліся і паабяцалі больш не ўжываць алкагольныя напоі. Яны яшчэ не дасягнулі ўзросту адказнасці, станоўча характарызуюцца ў школе, таму ім вынесена папярэджанне. Цяпер з навучэнцамі будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, аднак, калі яны парушаць сваё абяцанне, меры ўздзеяння стануць больш сур’ёзнымі.

Аналагічнае рашэнне члены камісіі вынеслі для яшчэ аднаго юнага жыхара райцэнтра, які пасля ўжывання піва быў затрыманы праваахоўнікамі. Праўда, гэты хлопец прызнаўся, што спіртное яму дапамог набыць дарослы незнаёмец.

Палічылі сябе дарослымі?

У камісію была накіравана пастанова аб вызваленні непаўналетняга дзятлаўчаніна ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем яму папярэджання. На вуліцы Чырвонаармейскай райцэнтра юнака ў стане алкагольнага ап’янення затрымала міліцыя, што пацверджана медыцынскім асведчаннем.

На пасяджэнні камісіі хлопец расказаў, што быў адзін дома, знайшоў гарэлку, вырашыў выпіць некалькі шклянак перад дыскатэкай. Ён вельмі шкадуе аб сваім учынку, які можа негатыўна паўплываць на далейшае жыццё, бо падлетак марыць аб спартыўнай кар’еры. Цяпер з ім будуць праводзіцца прафілактычныя мерапрыемствы.

Такая ж работа спецыялістаў будзе наладжана з юным жыхаром аднаго з аграгарадкоў раёна, з-за паводзінаў якога на абаіх бацькоў былі вынесены пастановы аб вызваленні ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання за несуправаджэнне сына ў позні час, што прывяло яго да супрацьпраўнага ўчынку. Справа ў тым, што на святкаванні Купалля дарослыя хвілін на 20 выпусцілі хлопца з поля зроку. Падлетку гэтага хапіла, каб пачаставацца півам у паўналетніх сяброў. Цяпер ён раскайваецца.

Заступіліся за сябра

Пра тое, што слабейшага лепш абараняць не махаючы кулакамі, члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама патлумачылі сябрам, якія ў час дваровых гульняў заступіліся за слабейшага, але затым сітуацыя выйшла з-пад кантролю. Усё скончылася не толькі сінякамі і драпінамі, але і зваротам у міліцыю бацькоў аднаго з хлопчыкаў, з якім “паваявалі” сябры. Самі дзеці ўжо памірыліся, пакаяліся, жадаюць хутчэй забыць сварку, аднак з кожным з іх будуць працаваць спецыялісты службаў прафілактыкі.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі