Парадак і працавітасць – гэта па-нашаму

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У КСУП “Дварэц-Агра” “кіпіць” уборачная.

Аграрыі гаспадаркі завяршылі ўборку азімага рапсу: з 400 гектараў намалацілі 706 тон алейнай культуры гібрыда “Мазары” і гатунку “Імперыял” рэпрадукцыі “эліта”. Сёлета даволі хутка паспеў яравы ячмень. Зерневую культуру, якая пасеяна на 700 гектарах, пачалі жаць адначасова з рапсам і працягваюць абмалочваць цяпер. Таксама працаўнікі поля цярэбяць лён: ва ўрочышчы Пагулянка пасеяна 60 гектараў, 20 з якіх гатунку “Грант” другой рэпрадукцыі, 40 – “Лада” першай рэпрадукцыі. Убрана ўжо 27 гектараў. Разам з тым, паспела і азімая пшаніца сорту “Багатка” другой рэпрадукцыі. Ва ўрочышчы Цаліна са 110 гектараў зжата 70, намалочана 180 тон. Не забыліся ў гаспадарцы і пра жывёл. На кармы і подсціл нарыхтоўваюць салому.

У самы разгар уборачнай кампаніі на палях КСУП “Дварэц-Агра” працуюць камбайнеры Сяргей і Андрэй Ляўкевічы, Аляксандр і Вячаслаў Кастусікі, Валяр’ян Жукоўскі, Сяргей Радзюк, Дзмітрый і Мікалай Кіслыя, Аляксандр Чувак і Мікалай Марук.

Усяго ў гаспадарцы пасеяна 757 і 70 гектараў азімых пшаніцы і жыта, 513 – трыцікале, 100 і 360 – яравых аўса і пшаніцы, 50 – бульбы, 40 – грэчкі, 20 – бабовых, 777 – шматгадовых траў. Наступнай сельскагаспадарчай культурай, да ўборкі якой прыступяць механізатары, будзе яравы авёс.

У гаспадарцы асаблівая ўвага надаецца і парадку на зямлі: вядзецца актыўная работа па зносе старых і закінутых жывёлагадоўчых аб’ектаў. Вось так і атрымліваецца: ураджай папаўняй, але і пра парадак не забывай.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga