З Адзінага дня інфармавання насельніцтва. Памятаць, каб заставацца свабоднымі

Важнае Свежыя навіны Улада

17 чэрвеня ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Абласная інфармацыйная група на чале з начальнікам галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама Аленай Юргель і намеснікам старшыні абласной арганізацыі ГА “Белая Русь” Святланай Вараніца сустрэлася з калектывам ААТ “Граніт-Агра”.

Раскрываючы тэму “Роля гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ў фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму асобы”, Святлана Вараніца заклікала прысутных паразважаць, што для кожнага з нас значыць слова “патрыятызм”. Паняцце гэта ўключае ў сябе духоўна-маральныя якасці чалавека. У час вайны, на пажарах, пры стыхійных бедствах, у іншых сітуацыях рызыкі чалавек-патрыёт самаахвярна кінецца на дапамогу іншаму. Яшчэ, разважаючы пра патрыятызм, беларусы часта называюць яго складальнікамі: “любоў да Радзімы”, “жаданне жыць і працаваць на сваёй зямлі”, “паважаць яе сімволіку”, “асабістай працай памнажаць яе набыткі”. Так, ад простых момантаў жыцця мы пераходзім да агульнага, вялікага паняцця. Калі ж паняцце спрасціць, то многія ўспрымаюць патрыятызм як дабрабыт: камфортнае, утульнае, абароненае існаванне дома, у калектыве, у горадзе, рэспубліцы. Людзі гатовы ўносіць свой уклад, каб паляпшаць жыццё вакол сябе, каб дабрабыт усё глыбей пранікаў у рэчаіснасць.

Як выхоўваецца патрыятызм? Як любое пачуцце, ён фарміруецца разам з узрастаннем чалавека як асобы. Пры гэтым каласальнае значэнне маюць нашы гістарычныя карані, традыцыі, звычаі, культура, светапогляд, менталітэт. Беларусам уласціва ўнутраная свабода душы. Гэта адметная рыса нашай нацыі і менталітэту, таму мы беражліва адносімся да захавання сваёй гістарычнай спадчыны як матэрыяльнай (выражанай у гістарычных аб’ектах і помніках), так і нематэрыяльнай (абрадаў і фальклору). Як прывіць такія ж адносіны нашым дзецям? Вялікі вопыт патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення назапашаны грамадскімі арганізацыямі “БРПА” і “БРСМ”. Многія моладзевыя праекты сталі вядомымі, іх значнасць ацэнена грамадствам. Гэта і “Кветкі Вялікай Перамогі”, і “Зорачка на карце”, і іншыя. Паспрыяе і стварэнне ваенна-патрыятычнага цэнтра на базе Брэсцкай крэпасці. У чэрвені 1941 года ні адна беларуская застава не здалася без бою ворагу, абаронцы ж Брэсцкай крэпасці пратрымаліся 32 дні. Захоўваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне беларусам важна не толькі як пашану да подзвігаў продкаў, але і як аснову сваёй незалежнасці. “Беларусь сёння – гэта галоўная вышыня на полі бою ў цэнтры Еўропы, – заявіў на VI Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт. – І за гэту вышыню ідзе лютая бітва”.

Як жа выстаяць? Важнай умовай паспяховай барацьбы з негатыўным уплывам з’яўляецца згуртаванасць грамадства, у аснове якой ляжаць патрыятызм і любоў нашага народа да сваёй Радзімы, нездарма 2021 год абвешчаны Годам народнага адзінства.

Гаварылі на сустрэчы і на іншыя тэмы. Зразумела і даступна аб маніторынгу атмасфернага паветра прысутным расказала Алена Юргель. Яна патлумачыла, што трымаць на кантролі стан навакольнага асяроддзя вельмі важна, бо за апошнія 100 гадоў у атмасферу з-за жыццядзейнасці чалавека выкідваецца шмат шкодных рэчываў, якія не толькі забруджваюць яе, але і разбураюць азонавы слой, а ён абараняе нас ад шкоднага ўльтрафіялету. Напрыканцы свайго выступлення Алена Іванаўна парадавала прысутных статыстычнымі данымі: як сцвярджаюць спецыялісты, паветра ў Гродне і бліжэйшым да нас Лідскім раёне – чыстае.

Начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык закрануў праблему ўзнікнення пажараў, якіх сёлета на Дзятлаўшчыне адбылося 10, у агні загінула 4 жыхары раёна. Самая характэрная прычына вогненных трагедый – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Ратаўнік заклікаў прысутных абавязкова абсталёўваць свае жылыя пакоі аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Нагадаў начальнік РАНС і пра небяспеку лясных і тарфяных пажараў, спыніўся на правілах паводзінаў каля вадаёмаў і прафілактычнай акцыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях “Канікулы без дыму і агню”. Ён заклікаў бацькоў непаўналетніх расказваць дзецям правілы бяспечных паводзінаў, зрабіць гэта цікава дапаможа сайт 112.by, але галоўны выхаваўчы сродак – уласны станоўчы прыклад дарослых.

У гэты ж дзень інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з працоўнымі калектывамі упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Ірына СТЫРНІК      

Фота Ірыны СТЫРНІК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

 



Теги: