Законнасць. Давярайце, але правярайце

Важнае Здарэнні і бяспека

Такую параду бацькам падлеткаў дае начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч.

У час інтэрв’ю з карэспандэнткай газеты “Перамога” Віктар Віктаравіч расказаў, чаму на паводзіны падлеткаў бацькам варта звяртаць асаблівую ўвагу, і чым дзецям пагражае “сяброўства” з наркотыкамі.

– Падлеткавая наркаманія – гэта сур’ёзная праблема сучаснага грамадства, – зазначае Віктар Віктаравіч. – Найчасцей ёй папярэднічаюць адсутнасць належнага кантролю за дзецьмі з боку бацькоў і ўваходжанне непаўналетніх у асацыяльныя групы. Падлеткавы перыяд – час хуткіх зменаў у арганізме, псіхіцы, гарманальным фоне маладых людзей, а калі да гэтага дадаюцца цяжкасці ў сямейных адносінах і праблемы ў школе, то гэта сапраўды можа стаць прычынай, па якой дзіця паспрабуе справіцца са стрэсам за кошт наркатычных рэчываў.

– Віктар Віктаравіч, наколькі сур’ёзныя пакаранні прадугледжаны ў нашай краіне за парушэнне антынаркатычнага заканадаўства?

– Паводле часткі 2 артыкула 27 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, крымінальная адказнасць за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналагаў (часткі 2-5 артыкула 328) надыходзіць з 14 гадоў, паводле часткі 1 – з 16 гадоў. Падлеткам і іх бацькам варта ведаць, што артыкул 328 – адзін з самых жорсткіх у беларускім заканадаўстве. Ён прадугледжвае дзясяткі гадоў пазбаўлення волі.

– Ці былі зарэгістраваны падобныя злачынствы з удзелам падлеткаў на Дзятлаўшчыне?

– На жаль, былі. Напрыклад, летась на тэрыторыі нашага раёна непаўналетнімі былі ўчынены тры злачынствы. Два з іх тычыліся менавіта артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Антынаркатычнае заканадаўства парушыў адзін і той жа раней не судзімы малады жыхар райцэнтра, які на момант учынення злачынства яшчэ не дасягнуў паўналецця. Першы раз 12 лютага 2020 года ён збыў даросламу жыхару раёна наркатычнае рэчыва расліннага паходжання, як пазней устанавіла экспертыза – марыхуану. Гэта правапарушэнне падпадае пад частку 2 артыкула 328 КК РБ.

І ўжо на наступны дзень, 13 лютага, таму ж грамадзяніну хлопец рэалізаваў марыхуану зноў. На гэты раз, паколькі злачынныя дзеянні былі ўчынены паўторна, яны падпалі пад кваліфікацыю часткі 3 атрыкула 328 КК РБ.

– Раскажыце, як засцерагчы непаўналетніх ад наркотыкаў?

– Складальнікаў у рабоце, скіраванай на прафілактыку ўжывання наркотыкаў у падлеткавым асяроддзі даволі шмат. Аднак самы галоўны з іх – гэта сямейнае выхаванне. Правільна робяць тыя бацькі, якія больш часу прысвячаюць дзецям, унікаюць у іх праблемы, назіраюць за настроем і паводзінамі.

Наступны складальнік – карысная занятасць дзяцей. Найчасцей падлеткавыя злачынствы ўчыняюцца пасля школы, дзеці збіраюцца ў кампаніі і прыдумваюць для сябе самыя розныя формы адпачынку, некаторыя з якіх могуць выходзіць за рамкі закона. Калі для падлетка правільна і цікава арганізаваць вольны час, такіх праблем можна пазбегнуць.

Па-трэцяе, вялікае значэнне мае тлумачальная работа ў школе, дома, з удзелам службаў прафілактыкі. Падлетак павінен атрымаць цвёрдую ўстаноўку на здаровы лад жыцця, тады ён свядома зможа адмовіцца ад прапановы “пакаштаваць” наркотык.

Ірына СТЫРНІК