Шэсць каманд – прадстаўніц сельгасвытворчых прадпрыемстваў раёна і Дзятлаўскага лясгаса ўдзельнічалі ў штогадовых спаборніцтвах супрацьпажарных фарміраванняў. За званне лепшай змагаліся пяць санітарных дружын.
Поспехаў у выпрабаваннях сандружынніцам, удзельнікам спаборніцтваў супрацьпажарных фарміраванняў, адкрываючы мерапрыемства, пажадаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык.
Затым каманды адправіліся на этапы спаборніцтваў.
У конкурсных іспытах удзельніцам сандружынаў трэба было адказаць на пытанні па медыцынскай дапамозе ў ядзерным ачагу, паказаць веды пра інфекцыйныя хваробы і дапамогу пры іх, прадэманстраваць навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі ў шпітальным аддзяленні.
Распачала спаборніцтвы праверка аснашчэння, укамплектавання медыцынскіх сумак санітарных дружын. Па камандзе “Газы!” сандружынніцы павінны былі хутка надзець процівагазы, а таксама аказаць першую дапамогу пацярпелым.
Пажарная эстафета, баявое разгортванне ад мотапомпы і ад аўтацыстэрны – усё гэта склала праграму спаборніцтваў супрацьпажарных фарміраванняў. Сярод пажарных падраздзяленняў у пажарнай эстафеце і ў баявым разгортванні сёлета лепшымі былі ўдзельнікі пажарнай дружыны КСУП “Хвінявічы”. У баявым разгортванні ад аўтацыстэрны сёлета спаборнічалі каманды Дзятлаўскага лясгаса і СФ “АграМілк”. Яны падзялілі адпаведна першае і другое месцы. Па завяршэнні конкурснай праграмы майстар-клас на пажарнай паласе перашкодаў прадэманстравалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
У агульным заліку абсалютным чэмпіёнам стала дружына КСУП “Хвінявічы”. На другім месцы замацавалася каманда КСУП “Дварэц-Агра”, трэцяе заняла зборная СФ “АграМілк”.
Падзякаваў камандам за высокі ўзровень падрыхтоўкі і ўручыў пераможцам заслужаныя ўзнагароды старшыня камісіі па надзвычайных сітуацыях Дзятлаўскага райвыканкама Юрый Залеўскі. Прызёры спаборніцтваў былі адзначаны граматамі і грашовымі прэміямі. Каманды, якія не занялі прызавое месца, атрымалі падарункі ад Дзятлаўскага добраахвотнага пажарнага таварыства.
Па выніках спаборніцтваў санітарных дружын сёлета лепшай стала сандружына ААТ “Граніт-Агра”, якую рыхтавала загадчыца Таркачоўскага фельчарска-акушэрскага пункта Раіса Альшэўская. На другім месцы замацавалася каманда КСУП “Хвінявічы” (інструктар – фельчар Парэцкай амбулаторыі Тэрэза Плошчанка). Трэцімі сталі сандружынніцы КСУП “Жукоўшчына”. Падрыхтоўкай іх да конкурсу займалася загадчыца Жукоўшчынскага фельчарска-акушэрскага пункта Ларыса Кучынская.
Санітарныя дружыны КСУП “Войневичы” і КСУП “Дварэц” былі адзначаны спецыяльнымі прызамі ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама – ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за кемлівасць і спрыт пры аказанні першай дапамогі.
Лепшыя санітарная і пажарныя дружыны прадставяць Дзятлаўшчыну на абласным этапе спаборніцтваў.
Наталля АВЯРЧУК