Гэты дом, размешчаны насупраць гарадскога стадыёна па вуліцы Міцкевіча ў Дзятлаве, ведаюць многія гараджане.
Тут доўгі час жыў чалавек, які ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню людзям. Гэта Канстанцін Іванавіч Ясючэня. Яго партрэт доўгі час вісеў у калідоры раённай паліклінікі на стэндзе, прысвечаным ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Пра яго ўзгадаў у час нашай размовы Мікалай Мікуліч. Канстанцін Ясючэня – яго былы калега па працы, настаўнік і дарадца – узнагароджаны медалямі і ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, меў раненне і часта скардзіўся на тое, што жалезны асколак і нямецкая куля, якія знаходзяцца ў назе, не даюць спакою. Найбольш поўныя звесткі пра ветэрана былі прадастаўлены яго дачкой Ірынай і вядучым спецыялістам ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Валянцінам Абухавым.
22 снежня 1918 года ў шматдзетнай сям’і Івана Васільевіча і Ганны Дзмітрыеўны Ясючэняў з вёскі Вуглы Капыльскага раёна Мінскай (былой Бабруйскай) вобласці нарадзіўся сын Канстанцін. Звычайнае дзяцінства сялянскага хлопчыка, дапамога па гаспадарцы, вучоба ў Доктараўскай няпоўнай сярэдняй школе. Пасля заканчэння 7-а класа гэтай школы юнак паступіў на 3-х гадовую вучобу ў Мінскую зубаўрачэбную школу. Скончыў яе ў 1939 годзе, працаваў некаторы час зубным доктарам у родных мясцінах. У кастрычніку 1939 года Ленінскі райваенкамат горада Мінска прызывае яго на дзеючую службу ў рады Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі. У 49-м стралковым палку 50-й стралковай дывізіі Мінскай асобай акругі ён прымае прысягу на вернасць служэнню Радзіме. У якасці батальённага доктара ўдзельнічае ў вызваленчым паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Гэта было першае баявое хрышчэнне маладога доктара.
Але затым было новае выпрабаванне лёсу. У студзені 1940 года ў якасці зубнога доктара палкавога пункта медыцынскай дапамогі быў накіраваны ў раён ваенных дзеянняў на савецка-фінляндскі фронт,удзел у якіх Канстанцін Ясючэня завяршыў у канцы красавіка 1940 года. Да 22 чэрвеня 1941 года ён працягвае дзеючую службу ў складзе 49-а стралковага палка 50-й стралковай дывізіі Цэнтральнага фронту, якая размяшчалася каля горада Полацка. Першыя дні Вялікай Айчыннай вайны сустрэў каля горада Вялікія Лукі непадалёк ад Ленінграда. Быў прызначаны палкавым зубным доктарам 164-а медыцынска-санітарнага батальёна 170-й стралковай дывізіі. Пад націскам фашысцкіх войск прыйшлося адступаць. 22 жніўня 1941 года ў адным з баёў быў паранены разрыўнымі кулямі ў абедзве нагі “з раздрабленнем правага бядра сярэдняй часткі” (так запісана ў медыцынскім заключэнні – аўт.). Канстанцін Ясючэня застаўся ляжаць на полі бою ў беспрытомным стане. Калі апрытомнеў, вельмі хацелася піць, пры дапамозе складанага ножыка выкапаў пад лясным кустом ямку. Туды збіралася вада, якая выратоўвала яго ад смагі. Першага верасня 1941 года яго, параненага і абяссіленага, выпадкова знайшлі мясцовыя жыхары, адвезлі на коннай падводзе ў шпіталь. Не хапала прадуктаў харчавання, параненыя елі толькі тое, што прыносілі мясцовыя жыхары. Дзённы рацыён харчавання складаўся з 50 грамаў хлеба з мякінаю і некалькіх лыжак так званага “супу”. У шпіталі Канстанцін Ясючэня правёў 4 месяцы і быў камісаваны са службы. Вырашыў прабірацца ў родныя беларускія мясціны. Дапамаглі жыхары навакольных вёсак, якія тайна перавозілі яго ад вёскі да вёскі.
Парог хаты Канстанцін Іванавіч пераступіў толькі ў канцы студзеня 1942 года. З ліпеня 1941 па ліпень 1944 года родныя мясціны Канстанціна Ясючэні былі пад нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ён яшчэ не ведаў, што загадам Наркамата абароны № 0534 ад 14 ліпеня 1942 года выключаны са спісаў асабістага саставу Чырвонай арміі як прапаўшы без звестак. Прыйшлося амаль два гады жыць з бацькамі пад нямецкім прымусам. З лета 1944 года па 1949 год працуе доктарам Доктараўскага медыцынскага ўчастка. Тут, на Радзіме, ён знайшоў сабе будучую і адзіную спадарожніцу жыцця Вольгу Мікалаеўну, з якой ажаніўся ў 1946 годзе.
У сакавіку 1949 года яго накіроўваюць на працу загадчыкам Дзятлаўскай зубапратэзнай лабараторыі. Тут, на Дзятлаўшчыне, ён працаваў і жыў да апошняга дня свайго жыцця, тут у іх сям’і нарадзіліся дзве дачушкі – Ірына і Ніна. У 1954 годзе па загадзе Міністэрства абароны Канстанціна Іванавіча Ясючэню накіроўваюць на 45-дзённыя ваенныя зборы ў 8-ю механізаваную дывізію Беларускай ваеннай акругі ў якасці зубнога доктара. У службовай характарыстыцы адзначаецца, што К. І. Ясючэня “…дысцыплінаваны, працалюбівы афіцэр. Патрабавальны да сябе і падначаленых. У рабоце ініцыятыўны і знаходлівы”. З 1955 года па 1960 год займаецца прыватнай практыкай дома, а затым запрашаецца на працу зубным доктарам Дзятлаўскага зубапратэзнага кабінета раённай паліклінікі. Адсюль у 1963 годзе ён паступае на вучобу на стаматалагічнае аддзяленне Мінскага медыцынскага інстытута, які закончыў у 1968 годзе. Дарэчы, цяпер у Мінскім медуніверсітэце вучыцца яго ўнучка Элеанора.
Аб ім і сёння з вялікай павагай і цеплынёй адзываюцца жыхары горада і раёна, былыя калегі па працы, яго родныя. ”Мой бацька быў вельмі прыстойным чалавекам. Вельмі любіў мяне і маю сястру Ніну, але ў яго хапала ўвагі, ласкі да ўнукаў і праўнукаў. Вельмі дружалюбны чалавек. Як цудоўнага спецыяліста яго ведалі пацыенты не толькі з Дзятлаўскага раёна, але і з Канады, ЗША, Польшчы. Любіў гуляць у гарадкі, а на абласных спаборніцтвах па шахматах займаў прызавыя месцы”, – кажа пра яго дачка Ірына Канстанцінаўна.
Памёр Канстанцін Іванавіч Ясючэня на 95-м годзе жыцця 2 жніўня 2013 года. Памяць аб ім шануюць яго дзеці, унукі, праўнукі, калегі па працы і яго шматлікія сябры.
Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца