У Жукоўшчынскім дзіцячым садзе-базавай школе арганізаваны аздараўленчы летнік з дзённым наведваннем “Сонейка”.
Усё прадумана для адпачынку дзяцей: прыгожа аформлены атрадны пакой, у сталовай чакаюць смачныя снеданні і абеды, кожны дзень запланаваны святы, віктарыны, спартыўныя спаборніцтвы, эстафеты, гутаркі па ахове жыцця і здароўя дзяцей, правілах дарожнага руху. Уся выхаваўчая работа накіравана на фарміраванне патрыятызму, адказных адносін да будучыні сваёй краіны, бо яна ў гэтым годзе вызначана тэматыкай Года народнага адзінства. Падтрымліваючы рэспубліканскія акцыі і конкурсы, спланаваны цікавыя мерапрыемствы, урачыстыя лінейкі, прадугледжана работа па інфармацыйна-адукацыйным праекце “ШАГ”, да Дня ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.
З першага дня ў летніку пачалося цікавае і насычанае падзеямі жыццё. Тут адпачывае атрад “Апельсін”. З задавальненнем дзеці прынялі ўдзел у конкурсна-забаўляльнай праграме “Няхай заўжды будзе дзяцінства!”, захапляльнымі сталі мерапрыемствы, якія прайшлі пад дэвізам: “Правілы дарожнага руху павінен ведаць кожны”, а таксама віртуальная экскурсія “Дарогамі памяці – дарогамі міру”. А ў дзень “Летніх забаваў” выхаванцы паказалі сапраўдныя спрыт, здольнасці і кемлівасць у час правядзення гульняў. Прайшла ў летніку і інфармацыйна-тэматычная гадзіна ў рамках рэалізацыі праекта “ШАГ” – “Нам Радзіма падарыла шчаслівае дзяцінства”. Не менш запамінальнай стала сустрэча з прадстаўнікамі МНС.
А наперадзе выхаванцаў летніка яшчэ чакаюць таямнічыя прыгоды, незабыўныя сустрэчы і дзіўныя іспыты.
Таіса КІСЛАЯ,
дырэктар летніка “Сонейка” Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы