Эстафета касцоў, канцэрт і падарункі

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Ужо традыцыйна свята касцоў сабрала ў Вензаўцы працаўнікоў вёскі і гасцей з усяго раёна.

Напачатку мерапрыемства ўдзельнікаў свята павітаў старшыня Вензавецкага сельвыканкама Алег Шымко. Ён зазначыў, што прыемна ўсведамляць, што сёння ў свеце, дзе траву ўсё часцей косяць трымерам, застаюцца людзі, якія паважаюць традыцыі продкаў і ўмеюць трымаць у руках касу, а таксама пажадаў усім моцнага здароўя і жыццёвых сіл, спакою і дабрабыту ў сем’ях.

Да віншаванняў далучылася старшыня пярвічнай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Наталля Тамашова:

‒ Стала добрай традыцыяй штогод ушаноўваць сям’ю аднаго з нашых работнікаў. Не выключэннем стал і гэты год.

Пад апладысменты яна запрасіла на сцэну шматдзетную маму Ірыну Лабарэвіч, каб уручыць ёй падарунак ад “пярвічкі”.

Працягнуў святочную праграму калектыў народнага ансамбля песні “Зараначка” Казлоўшчынскага дома культуры, затым наступіў час спаборніцтваў. Пачаўся ён са старажытнага абрада: вясковая прыгажуня напаіла самага сталага касца квасам, а той аддзячыў за клопат, павязаўшы ёй хустку.

У святочнай эстафеце прынялі ўдзел трое мясцовых касцоў. Першае месца за  хуткасць, якасць і майстэрства ў касьбе заняў Уладзімір Зінкевіч. Другое месца падзялілі паміж сабой Міхаіл Халопік і Сяргей Шапурка. Пераможцы атрымалі ад арганізатараў мерапрыемства прыемныя падарункі.

На працягу свята працавалі гандлёвыя кропкі і падворкі. Народныя ўмельцы прапаноўвалі жадаючым прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі і набыць сувеніры на памяць. Для дзяцей працавалі шматлікія гульнявыя пляцоўкі: надзіманыя горкі, батуты, іншыя атракцыёны.

Святочны настрой гасцям свята дарылі вакальна-інструментальны ансамбль “Гарачыя сэрцы” і артысты Дзятлаўскага раёна ‒ народны тэатр-студыя “Суседзі”, Ганна Харлінская, Іван Кашко, Людміла і Аляксандр Баклушыны, Сяргей Малышчык і іншыя.

Марыя ПАПОВА