Дзятлаўчане памаліліся аб міры і адзінстве

Важнае Грамадства

У Год народнага адзінства Сінод Беларускага экзархата заклікаў святароў і вернікаў да агульнай малітвы аб міры і ладзе сярод людзей.

Як адзначыў у сваім пасланні храмам і манастырам Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін, “напружанне ў беларускім грамадстве не можа быць пераадолена без шчырай агульнай малітвы і нашай пасільнай духоўнай працы”.

Днямі малітвы аб міры і ладзе, якая ўзносіцца адначасова ва ўсіх праваслаўных храмах і манастырах нашай краіны, былі вызначаны дзень Святой Тройцы – 20 чэрвеня, дзень ушанавання іконы “Достойно есть” – 24 чэрвеня, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – 3 ліпеня.

24 чэрвеня ў саборы святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель у саслужэнні са святарамі Дзятлаўшчыны правёў малебен з акафістам Прасвятой Багародзіцы і папрасіў у Нябеснай Заступніцы дабрыні, мудрасці, цярпення для жыхароў нашага раёна і краіны. Маліліся аб гэтым і вернікі, якія прысутнічалі ў храме.

Пасля службы святары і прыхаджане, прадстаўнікі раённай улады на чале з іерэем Іаанам Кісялём ажыццявілі хрэсны аб’езд горада Дзятлава з іконай “Достойно есть”, каб міласцю Божай Маці на нашых вуліцах, у дамах, сем’ях, калектывах панавалі мір і паразуменне.

У суботу, 3 ліпеня, у храме райцэнтра будзе ладзіцца такі ж малебен Усім Беларускім Святым.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: