Меркаванне. Год народнага адзінства ‒ чаму гэта важна?

Важнае Грамадства

На гэта пытанне адказалі:

Святлана Якаўчык, ветэран працы:

‒ Нездарма нам з дзяцінства расказваюць прытчу пра галінку і венік: беларусам важна быць адзінымі таму, што толькі разам мы зможам дасягнуць па-сапраўднаму значных вынікаў. Адзін у полі не воін, але разам мы ‒ вялікая сіла. Акрамя таго, наша краіна па-сапраўднаму шматнацыянальная, у ёй жывуць прадстаўнікі розных народаў, канфесій і поглядаў на жыццё. Навошта сварыцца з-за розных меркаванняў? Лепш успомніць, што ўсе мы ‒ адзіны народ, таму жыць трэба мірна і дружна.

Ядзвіга Гушча, адказны сакратар раённага савета ветэранаў:

‒ Я стала ўдзельніцай мерапрыемства, прысвечанага Году народнага адзінства. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, якія пераехалі ў Дзятлава з Расіі, Малдавіі, Казахстана і іншых краін. Яны сумленна працуюць на дзятлаўскай зямлі, знайшлі тут сяброў, завялі сем’і ‒ словам, жывуць у атмасферы спакою, міра і згоды, дзе няма падзелу на “сваіх” і “чужых”. На мой погляд, народнае адзінства заключаецца менавіта ў тым, каб дапамагаць адзін аднаму, паважаць, рабіць добрыя справы разам.

Марыя ПАПОВА



Теги: