Дзень Вензавецкага сельсавета

Важнае Улада

У аграгарадку Вензавец прайшло мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Вензавецкага сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў”.

Удзел у ім прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў раёна.

Аляксандр Бараноўскі адзначыў, што практыка праводзіць Дні сельскіх саветаў на Дзятлаўшчыне не новая, праўда, з-за пандэміі каранавірусу летась такіх мерапрыемстваў не было, знакава, што сёлетні Год народнага адзінства іх запланавана пяць. Аднак фармат сустрэч стане больш вузкім, зноў жа каб прытрымлівацца супрацьэпідэміялагічных патрабаванняў.

З сацыяльна-эканамічным становішчам Вензавецкага сельскага савета і дзейнасцю па яго развіцці ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёміў старшыня сельвыканкама Алег Шымко.

Ён расказаў, што тэрыторыя Вензавецкага сельскага савета складае 172 кіламетры квадратныя, з якіх 9,1 – гэта землі 18 сельскіх населеных пунктаў, дзе знаходзяцца 679 гаспадарак, жыве 1485 чалавек, сярод якіх 59 % – людзі працаздольнага ўзросту. Самыя буйныя населеныя пункты – аграгарадок Вензавец (587 жыхароў), вёскі Міроўшчына (374) і Сачыўляны (180). Менш за 10 жыхароў у вёсках Кашкалы, Гнаінскія, Жадзейкі.

У інфраструктуру сельсавета ўваходзяць ААТ “РоданАграПол” (былое КСУП “Вензавец”), ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, Вензавецкае лясніцтва і дрэваапрацоўчы цэх ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”. Сацыяльныя і адукацыйныя паслугі насельніцтву забяспечваюць адно аддзяленне і два пункты паштовай сувязі, два магазіны спажыўтаварыства, адзін – ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, Вензавецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа і Міроўшчынскі дзіцячы сад, мясцовая бібліятэка і Дом культуры, які цяпер знаходзіцца на рамонце. На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць два храмы. Медыцынскае абслугоўванне жыхароў ажыццяўляюць ФАПы – Вензавецкі (абслугоўвае 661 чалавека) Міроўшчынскі (445), Яварскі (280); невялікія вёскі Гернікі, Гнаінскія, Валоўнікі, Нагорнікі, Лагуны абслугоўвае Дзятлаўская райпаліклініка; жыхароў вёскі Сцяткоўшчына – Раготнаўская амбулаторыя. Медыкі рэгулярна праводзяць агляд адзінокіх пажылых грамадзян і тых, хто жыве адзінока.

У Вензавецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе на канец навучальнага года налічвалася 61 дзіця, 24 наведвалі дашкольныя групы, у Міроўшчынскім дзіцячым садзе выхоўваецца 14 дзетак.

На надомным сацыяльным абслугоўванні знаходзяцца 37 жыхароў сельсавета, сярод якіх 10 адзінокіх, 27– якія жывуць адзінока.

Вялікую ўвагу сельвыканкам надае рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства, сярод найбольш папулярных яе формаў – вясковыя сходы і падваровыя абходы. Шмат увагі скіравана на добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі, ліквідацыю нежылых струхнелых дамоў, усяго іх знесена 91, за мінулы год – 2. На тэрыторыі сельсавета размешчана 5 могілак і 3 помнікі загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, якія замацаваны за арганізацыямі сельсавета. У шасці населеных пунктах вываз смецця ажыццяўляе Дзятлаўскае РУП ЖКГ. На абслугоўванне ДРБУ № 119 перададзена 55 кіламетраў вуліц.

Пры сельвыканкаме створаны і працуюць такія грамадскія фарміраванні, як добраахвотная дружына, аглядавая камісія, камісія садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства, камісія аб волі веравызнання і рэлігійных арганізацыях, грамадскі пункт аховы правапарадку, інфармацыйна-прапагандысцкая група, вялікую работу праводзяць старасты населеных пунктаў – першыя памочнікі сельвыканкама ў рабоце з насельніцтвам, людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Паміж актывам сельсавета, дэпутацкім корпусам, кіраўніцтвам мясцовых арганізацый, старастамі вёсак наладжана цеснае супрацоўніцтва, што дае станоўчыя вынікі.

Напрыканцы Алег Шымко выказаў спадзяванне, што і надалей сумесныя намаганні мясцовых структур будуць скіраваны на тое, каб тэрыторыя сельсавета прыгажэла і мясцоваму насельніцтву жылося камфортна.

Алег Іванавіч запрасіў прысутных наведаць аб’екты добраўпарадкавання і даведацца, якая работа тут выканана, што яшчэ плануецца зрабіць. Удзельнікі сустрэчы спачатку накіраваліся ў Вензавецкі ФАП, які сёлета пераехаў у новы, адрамантаваны прасторны будынак, пабывалі ў Вензавецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, дзе хутка яшчэ адзін участак дваровай тэрыторыі будзе выкладзены бардзюрнай пліткай. Пацікавіліся прысутныя парадкам на могілках аграгарадка, наведалі мясцовы храм у гонар Святых Пятра і Паўла. Наступным прыпынкам стала вёска Міроўшчына, дзе агледзелі мясцовы магазін і помнік загінулым землякам, якія таксама нядаўна былі адрамантаваны, цікавасць выклікаў і Міроўшчынскі парк з велічнымі старымі дрэвамі. Далей удзельнікаў сустрэчы чакала экскурсія на новы дрэваапрацоўчы цэх і ў Вензавецкае лясніцтва, дзе ляснічы Дзмітрый Ваніслаўчык расказаў аб пітомніку з туямі і ядлоўцам, а таксама паказаў мясцовы турыстычны аб’ект Дзятлаўскага лясгаса – “Хатку паляўнічага”.

Вынікі Дня сельсавета падвёў Аляксандр Бараноўскі. Ён станоўча ацаніў дзейнасць Вензавецкага сельвыканкама па развіцці сацыяльнай сферы і добраўпарадкаванні, падзякаваў старшыні і падкрэсліў, што ў цэнтры ўвагі органаў мясцовага самакіравання – жыццё і бяспека людзей, парадак у населеных пунктах, а таму кожны дзень прыносіць новыя клопаты і пытанні, якія трэба своечасова вырашаць. Аляксандр Станіслававіч пажадаў спецыялістам Вензавецкага сельвыканкама поспехаў у гэтай справе.

Ірына СТЫРНІК



Теги: