Антон Сіневіч: “Скірую ўсе сілы на паступленне”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Да Міжнароднага дня абароны дзяцей у Лідзе прайшла традыцыйная штогадовая цырымонія ўручэння імянных стыпендый адораным і таленавітым навучэнцам Прынёманскага краю.

Мерапрыемства ладзілася з ініцыятывы Гродзенскіх абласных аддзяленняў грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі дзіцячы фонд” і “Беларускі фонд міру”. На адной пляцоўцы яно сабрала самых кемлівых, актыўных, спартыўных маладых жыхароў нашай вобласці.

Як паведаміла старшыня Дзятлаўскага раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская, на ўрачыстай цырымоніі пабывалі трое юных дзятлаўчан. Так, чацвёртакласнікі Вікторыя Шупа з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава і Віталь Місцюкевіч з сярэдняй школы № 3 атрымалі стыпендыі Беларускага фонду міру, а сёлетні выпускнік сярэдняй школы № 1 Антон Сіневіч – Беларускага дзіцячага фонду.

З гэтай нагоды цікава было даведацца ў Антона аб яго дасягненнях і планах на дарослае жыццё.

Якія ўражанні засталіся ад наведвання мерапрыемства?

– Самыя прыемныя. Я ўдзячны за прэмію Беларускаму дзіцячаму фонду. Такія падарункі заахвочваюць да далейшых поспехаў.

– Як лічыш, якія твае дасягненні паспрыялі яе атрыманню?

– Я пастаянны ўдзельнік раённых спартыўных спаборніцтваў, паспяхова прадстаўляў Дзятлаўшчыну на абласных спаборніцтвах па лёгкай і цяжкай атлетыцы, на рахунку ёсць перамогі. Яшчэ з’яўляюся ўдзельнікам Беларускага добраахвотнага пажарнага аб’яднання, не адмаўляюся ад грамадскіх справаў. Мяркую, таму мая кандыдатура і была выбрана.

– На што збіраешся патраціць грошы?

– Пакуль не думаў, але не на прысмакі. Сёлета буду паступаць, значыць, грошы спатрэбяцца, каб развівацца і рухацца далей.

– Ты ўжо вызначыўся з навучальнай установай і будучай спецыяльнасцю?

– Пакуль у мяне два варыянты, а выбар будзе залежаць ад балаў, набраных на цэнтралізаваным тэсціраванні. Калі атрымаю высокія – падам дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт міжнародных адносінаў. Калі ніжэйшыя – буду паступаць на эканамічны факультэт Палескага ўніверсітэта ў Пінск. Таму цяпер скірую ўсе сілы на паступленне, бо вельмі хочацца атрымаць прэстыжную спецыяльнасць, у далейшым – знайсці добрае месца работы.

– Хто з блізкіх падтрымлівае цябе на старце ў вялікае жыццё?

– Гэта мая цёця Алена Макоўская, бабуля Марыя Сіневіч, іншыя блізкія людзі.

– Пра што яшчэ марыш, чаму хочаш навучыцца?

– Я ўжо азнаёміўся з сайтамі выбраных для паступлення ўніверсітэтаў, бо хачу прадоўжыць захапленне спортам, збіраюся іграць за зборную ВНУ. Яшчэ мару атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, удасканаліць навыкі па плаванні, каб паказваць лепшыя вынікі на спаборніцтвах па шматбор’і, у больш аддаленай перспектыве – стварыць уласную сям’ю і пабудаваць дом.

– Чаго пажадаеш выпускнікам 2021 года?

– Сваім равеснікам жадаю паступіць туды, куды мараць, каб дарослае жыццё было паспяховым і адпавядала іх лепшым планам.

Ірына СТЫРНІК