З Адзінага дня інфармавання насельніцтва. Хутка канікулы. Пра што памятаць бацькам?

Важнае Улада

20 мая ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына сустрэлася з працоўным калектывам мясцовай сярэдняй школы.

З педагогамі пагутарылі аб праблеме кіберзлачыннасці. Якія схемы выкарыстоўваюць інтэрнэт-злодзеі, каб скрасці грошы з карт-рахункаў грамадзян, расказаў начальнік АУС райвыканкама Аляксандр Біль. Сярод найбольш распаўсюджаных назваў званкі ад “работнікаў” банка або з незнаёмага нумара, просьбы аб грашовай дапамозе ад сяброў па сацыяльных сетках або аб папярэдняй аплаце на сайце “Куфар” і іншыя. Начальнік міліцыі падкрэсліў, што называць рэквізіты сваёй карткі або перадаваць яе іншай асобе нельга ні на якай падставе.

Аб тым, што 31 мая адзначаецца Сусветны дзень без тытуню, прысутным нагадала галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак. Лічбы статыстыкі сведчаць, што курэнне, у тым ліку пасіўнае, штогод забівае да 6 мільёнаў чалавек. З 27 ліпеня 2019 года ў нашай краіне дзейнічае Дэкрэт № 2 “Аб змяненні дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, які ўзмацніў жорсткасць антытытунёвага заканадаўства і прадугледжвае паслядоўнае абмежаванне даступнасці тытунёвых вырабаў для прадухілення негатыўнага ўплыву курэння на стан здароўя насельніцтва. Новую ініцыятыву па доступе да сродкаў для адмовы ад тытуню праз інтэрнэт-кансультацыі ўкараняе і Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Людзям неабходна памятаць, што пераадоленне шкоднай звычкі спрыяе паляпшэнню здароўя, ратуе жыцці, эканоміць грошы.

Глыбей задумацца над тым, як сямейнае выхаванне і традыцыі сям’і ўплываюць на фарміраванне асобы дзіцяці калегаў заклікала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус. Яна падкрэсліла, што па сіле і працягласці ўплыву на дзіця нішто не можа параўнацца са школай і сям’ёй, дзе непаўналетнія праводзяць найбольш часу. Стыль сямейнага выхавання – гэта спосаб узаемаадносін, які прадугледжвае выкарыстанне бацькамі комплексу прыёмаў уплыву на дзіця. Наталля Сяргееўна перадала школе буклеты для бацькоў з рэкамендацыямі, якія стылі выхавання трэба выкарыстоўваць, каб выхаваць дзіця з нармальнай самаацэнкай. Яна папярэдзіла, што ў наш час падлеткі найчасцей не прызвычаены да прыняцця правільных рашэнняў – на гэта таксама бацькам трэба звяртаць увагу.

Начальнік аддзела адукацыі ўзняла яшчэ адну актуальную напярэдадні канікулаў тэму –  забеспячэння бяспекі дзяцей у летні аздараўленчы перыяд. Яна расказала аб прафілактычнай акцыі “Не пакідайце дзяцей адных!”, якая рэалізоўваецца ў нашай краіне, і папрасіла педагогаў правесці інструктаж з вучнямі і бацькамі аб тым, дзе непаўналетніх можа чакаць небяспека. Найбольш частыя прычыны траўмавання, нават гібелі дзяцей – гэта неасцярожнае абыходжанне з агнём; атраўленне і праглытванне іншародных прадметаў; выпаданне з вокнаў; траплянне ў люкі, ямы, калодзежы; утапленне; свавольствы на чыгунцы; электратраўмы. Пасля падрабязнага аповеду пра кожную з такіх сітуацый з прыкладамі і мерамі перасцярогі Наталля Сяргееўна заклікала настаўнікаў якасна правесці летнюю аздараўленчую кампанію школьнікаў. Праанансавала, што сёлета на Дзятлаўшчыне ў летніках рознага тыпу плануецца аздаравіць 902 дзіцяці.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі таксама звярнуўся да калектыву школы. Ён зазначыў, што Казлоўшчыне пашанцавала трапіць у рэспубліканскую інвестпраграму па добраўпарадкаванні і расказаў, што ў бліжэйшыя гады рэканструкцыі ў арэнднае жыллё для маладых спецыялістаў дачакаецца інтэрнат былога мясцовага ліцэя.

Яшчэ адна група Адзінага дня інфармавання насельніцтва працавала на базе Дзятлаўскай раённай бібліятэкі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: