На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы бяспекі жыццядзейнасці, прафілактыкі, работы сельгаспрадпрыемстваў, святочных мерапрыемстваў, культурнага адпачынку і іншыя.
Актывізаваліся “паляўнічыя” на метал
Як паведаміў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, на мінулым тыдні зарэгістраваны некалькі крадзяжоў металалому ў розных населеных пунктах раёна – вінаватыя ўстаноўлены. Учынены таксама крадзяжы з нежылых дамоў, усіх злодзеяў, акрамя аднаго выпадку, праваахоўнікі ўстанавілі. Узбуджана крымінальная справа за камп’ютарнае злачынства з выкарыстаннем банкаўскіх картак. Міліцыя прадаўжае маніторынг сельгасарганізацый: значных парушэнняў не выяўлена.
Ішоў дым, не было агню
Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык расказаў, што ў суботу на пульт дзяжурнага паступіла паведамленне аб кароткім замыканні электраправодкі ў магазіне вёскі Руда Яварская: адзначалася задымленне без гарэння, выязджалі ратаўнікі. Прадоўжаны рэйдавыя мерапрыемствы па праверцы стану супрацьпажарнай бяспекі на культавых аб’ектах раёна і на месцах захавання грубых кармоў, працуюць аглядавыя камісіі. Цяпер больш увагі нададуць праверцы наяўнасці сродкаў пажаратушэння на сельскагаспадарчай тэхніцы, якая працуе на нарыхтоўцы і адвозцы зялёных кармоў, іншай, што задзейнічана ў працэсе вытворчасці.
Зялёнаму “жніву” – зялёнае святло
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка адзначыў, што гаспадаркі Дзятлаўшчыны прыступаюць да касьбы і закладкі кармоў. Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі заклікаў аграрыяў правесці гэтыя работы аператыўна, каб зняць першы ўкос і, пакуль стаіць вільготнае надвор’е, даць магчымасць адрасці другому. Таксама на кантролі – своечасовае правядзенне хімічнай праполкі сельгаскультур. Па сяўбе кукурузы наш раён выканаў план на 109 % да ўзроўню мінулага года, аднак гаспадаркі прадаўжаюць засяваць ёю свабодныя ўчасткі для атрымання больш якасных кармоў.
Дзятлаўчан чакае святочная субота
Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч расказаў, што субота 29 мая пройдзе ў нашым раёне на святочнай хвалі. У школах Дзятлаўшчыны ў гэты дзень будуць ладзіцца ўрачыстыя лінейкі, дзе апошнія званкі абвесцяць аб заканчэнні навучальнага года. На плошчы 17 Верасня райцэнтра ў 12 гадзін стартуе фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” з работай інтэрактыўных пляцовак, конкурсамі і падарункамі. На стадыёне “Колас” пройдзе спартакіяда Гродзенскай вобласці “Тата, мама, я – спартыўная сям’я”.
Не менш значная падзея чакае каталіцкіх вернікаў нашага раёна ў сёлетнім чэрвені, калі дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі адзначыць свой 375-гадовы юбілей. З гэтай нагоды будзе ладзіцца ўрачыстасць, у горад прыедуць госці.
Як абараняемся ад каранавірусу і шкодных раслін?
Аб тым, што сітуацыя па захворванні на каранавірус у Дзятлаўскім раёне стабілізавалася, паведаміла галоўны доктар райЦГЭ Алена Шайбак. Тым не менш, эпідэміёлагі прадаўжаюць маніторынг выканання супрацьэпідэміялагічных патрабаванняў: праверана 35 аб’ектаў раёна, парушэнні выяўлены на 8 з іх. У маі Дзятлаўшчына атрымала 580 доз супрацькаранавіруснай вакцыны, ужо выкарыстана – 394 дозы.
Як расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі, за мінулы тыдзень было праведзена 5 маніторынгаў, складзена 5 пратаколаў на фізічных і юрыдычных асобаў, у тым ліку два – за вываз адходаў макулатуры на палігон ТБА вёскі Нарбутавічы. Парушальнікам выдадзена прадпісанне здаць другасную сыравіну па правілах, інакш давядзецца плаціць штраф.
Сёлета з бюджэту выдзелены сродкі на сезонную барацьбу са шкоднымі раслінамі – баршчавіком Сасноўскага і залатарнікам. Адказныя арганізацыі атрымалі прадпісанні на выкананне абарончых мерапрыемстваў, да якіх ёсць магчымасць падключаць супрацоўнікаў РАНС. Мяркуецца, што ўхіл будзе зроблены на хімічную апрацоўку зарослых тэрыторый. Падлічана, што за апошнія 5 гадоў плошча вырастання баршчавіка ў нашым раёне скарацілася на 3 гектары. Актыўная барацьба з залатарнікам пачата пазней, таму вынік не такі значны.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga