Удасканаленне сістэм кіравання аховай працы ў арганізацыях, прадухіленне вытворчага траўматызму, ліквідацыя прычын, якія выклікаюць аварыі, траўматызм, захворванне і гібель людзей на вытворчасці, распаўсюджванне перадавога вопыту работы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы, павышэнне культуры вытворчасці – усе гэтыя паказчыкі ляглі ў аснову раённага агляду-конкурсу па ахове працы за 2020 год сярод арганізацый і прадпрыемстваў.
Пераможцай сярод арганізацый вытворчай сферы з колькасцю работнікаў да 100 чалавек стаў калектыў Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення “Слонімгаз”. Сярод арганізацый вытворчай сферы з колькасцю работнікаў ад 101 да 500 чалавек лепшым у выкананні патрабаванняў аховы працы прызнаны калектыў ААТ “Граніт-Агра”. У невытворчай сферы самым падрыхтаваным па ахове працы аказаўся калектыў Гезгалаўскай сярэдняй школы.
Пераможцы конкурсу ўзнагароджаны сертыфікатамі “Узорная арганізацыя Дзятлаўскага раёна па ахове працы” і грашовымі прэміямі.
Конкурсная камісія адзначыла станоўчую работу ў ажыццяўленні мер па стварэнні ўмоў па захаванні жыцця і здароўя работнікаў, прафілактыцы вытворчага траўматызму ў Казлоўшчынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, Дзятлаўскім лясгасе, Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, гімназіі № 1 горада Дзятлава, Дварэцкім ільнозаводзе, Дзятлаўскім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, Дзятлаўскім філіяле ААТ “Молочный Мир”.
Прыемна адзначыць, што арганізацыі-пераможцы раённага конкурсу сталі пераможцамі і прызёрамі абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Так, Гезгалаўская сярэдняя школа – 1 месца ў намінацыі “Арганізацыі невытворчай сферы”, Дзятлаўскі раён газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення “Слонімгаз” – 3 месца ў намінацыі “Арганізацыі вытворчай сферы з колькасцю работнікаў да 100 чалавек”, ААТ “Граніт-Агра” – 3 месца ў намінацыі “Арганізацыі вытворчай сферы з колькасцю работнікаў ад 101 да 500 чалавек”.
Святлана ЛАТУШКА,
галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама